Адзначылі ветэранаў і сённяшніх абаронцаў Айчыны (+фота)

Местная власть

Святкаванне ў Паставах Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пачалося з ускладання вянкоў і кветак да помнікаў  воінам, якія  загінулі пры вызваленні Пастаўшчыны ад фашысцкіх захопнікаў і пахаваны ў гарадскім скверы і па вуліцы Чырвонаармейскай. Ва ўрачыста-жалобнай цырымоніі прынялі ўдзел старшыня райвыканкама В. С. Гутараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў,  члены раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікі ветэранскай і маладзёжнай арганізацый, працоўных калектываў, воінскіх часцей Пастаўскага гарнізона.

Затым у Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбыўся ўрачысты сход.

Віноўнікаў урачыстасці — ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл, сённяшніх абаронцаў Айчыны, а таксама ўсіх прысутных — вітаў кіраўнік раённай вертыкалі В. С. Гутараў. Ён адзначыў, што служба ў арміі была і застаецца ганаровым грамадзянскім і канстытуцыйным абавязкам, сапраўднай школай жыцця. Праз яе прайшлі тысячы жыхароў раёна.

Высокі прафесіяналізм і выдатную баявую падрыхтоўку паказваюць ваенна­служачыя сучасных Узброеных Сіл краіны, у тым ліку Пастаўскага гарнізона. Больш чым на 90 кіламетрах забяспечваюць на­дзейную ахову граніцы з Літвой воіны аддзела пагранічнай службы “Паставы” вайсковай часці 2044.  Дзякуючы зладжаным дзеянням воінскага калектыву пад кіраўніцтвам падпалкоўніка А. Б. Зелюкова, органаў мясцовага кіравання і насельніцтва затрыманы 8 парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы і 70 — пагранічнага рэжыму, выяўлены шэраг адміністрацыйна-мытных і іншых правапарушэнняў.

Кантроль за перасячэннем граніцы ў паветранай прасторы ажыццяўляюць ваеннаслужачыя I-га радыётэхнічнага цэнтра, які ўзначальвае падпалкоўнік Ю. А. Руднеў. Па выніках баявога дзяжурства ў 2014 го­дзе — а за суткі яны суправа­джаюць каля 300 лакацыйных цэляў — цэнтр заняў першае месца сярод падраздзяленняў 49-ай радыётэхнічнай брыгады. Прыкладам адказнага выканання службовых абавязкаў  з’яўляюцца ваеннаслужачыя І. І. Якубовіч, Ю. Д. Запольны, С. У. Швядэнка, В. І. Магільніцкі, І. В. Асадчы і іншыя.

Эфектыўна выконваюць свае задачы па арганізацыі медыцынскага забеспячэння органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь супрацоўнікі I-га ваеннага шпіталя. Іх дзейнасць умела накіроўвае начальнік установы, палкоўнік медыцынскай службы С. Д. Півень.

Па выніках праверкі галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення адным з лепшых у вобласці прызнаны ваенны камісарыят Пастаўскага раёна. Толькі ў мінулым годзе  ў рады Узброеных Сіл Беларусі ім было прызвана 150 нашых землякоў. Верныя традыцыям старэйшых пакаленняў, яны годна нясуць тэрміновую службу. Аб прэстыжы ваеннай прафесіі сведчыць той факт, што ў вышэйшых ваенных навучальных установах краіны цяпер вучыцца 13 курсантаў з нашага раёна.

Сапраўднымі абаронцамі інтарэсаў народа з’яўляюцца супрацоўнікі сілавых структур, іншых ведамстваў, дзе працуюць людзі ў пагонах.

В. С. Гутараў павіншаваў прысутных са святам, пажадаў моцнага здароўя, шчасця, поспехаў у службе і працы, мірнага неба над галавой і ўручыў групе ваеннаслужачых Падзякі.

Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам.

no images were found

 

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.