Бераглі і прымнажалі


 

28 студзеня 2000 года ў раёне ладзілася свята, прысвечанае 60-годдзю ўтварэння раёна. А праз дзень у аўтамабільнай аварыі загінуў Васілій Ва­сільевіч Чэпік — старшыня райвыканкама. Раён застаўся без сапраўднага гаспадара. Я на той час была яго намеснікам. І калі паўстала пытанне аб назначэнні новага кіраўніка раёна, кіраўніцтва аблвыканкама зрабіла стаўку на мяне. У пачатку красавіка Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даў згоду на маё назначэнне. Тады я была адзінай жанчынай у вобласці на такой высокай і адказнай пасадзе. Разумела, якія  цяжар і адказнасць ляглі на мае плечы. Абнадзейвала тое, што добра ведала як кіраўнікоў гаспадарак, прадпрыемстваў, так і многіх радавых працаўнікоў.

Нарадзілася і вырасла на Пастаўшчыне, працавала  намесні­кам бухгалтара, а затым  намеснікам старшыні калгаса “Чырвоны сцяг”, старшынёй Оцкавіцкага сельскага Савета, начальнікам райплана, намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы, старшынёй райвыканкама. Адносінам з людзьмі, наладжванню сувязяў з вышэйстаячымі інстанцыямі, уменню працаваць, не шкадуючы сябе, вучылася ў першых сакратароў райкама партыі Валянціны Аляксееўны Клачковай, Барыса Іпалітавіча Гаўрыльчыка.

У няпросты час узначаліла раён, але ў апараце райвыканкама большасць людзей былі па-сапраўднаму адказнымі за даручаны ўчастак работы. Найперш стараліся зберагчы і прымножыць набытае. Цяжка фарміраваўся раённы бюджэт, з затрымкай выплачвалася заработная плата, але мы сумесна імкнуліся знаходзіць сродкі і для рэканструкцыі, рамонту ферм, школ, бальніц. Па парады часта звярталася да старшынь калгасаў імя Суворава і “Дружба” Алега Адольфавіча Валодзькі і Баляслава Півусаві­ча Шылько. Добрым словам успамінаю Р. В. Зямчонка, П. Я. Зубко, Р. І. Куніцкага, А. Я. Мухлю, якія ў той час узначальвалі завод вучэбнага абсталявання (“Паставымэбля”), раённы вузел электрасувязі, раён электрасетак, калгас “Сцяг Перамогі”. Заўсёды падтрымлівалі, ад слова выконвалі любую просьбу С. А. Рагіня, А. І. Малец, І. Г. Глушонак, В. І. Крыштафовіч, П. І. Скурко і многія-многія іншыя. Цесна супрацоўнічала з камандзірамі вайсковых часцей М. І. Харчанкам, В. С. Гарачкам, А. В. Стрэлкіным, М. М. Забенькам.

Раёнам кіравала чатыры гады. За гэты час закончылі будаўніцтва Дунілавіцкай СШ, адкрылі два офісы ўрачоў агульнай практыкі, пансіянат для адзінокіх састарэлых, увялі першую чаргу аздараўленчага цэнтра “Ветразь”, нямала квадратных метраў жылля як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. У раён прыйшоў газ. Запаліць факел прыязджаў сам Прэзідэнт. І на той урачыстасці ён запытаўся ў прысутных: “Адпусціце свайго старшыню райвыканкама ў дэпутаты?” Восенню 2004 года мне даверылі прадстаўляць раён у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. І я, наколькі магла, клапацілася пра раён і сваіх землякоў, дапамагала ў вырашэнні розных пытанняў. У прыватнасці, правядзенню Дню пісьменства і адкрыццю аддзялення гемадыялізу ў райбальніцы, Даўно адышла ад дзяржаўных спраў, але жыццём раёна цікаўлюся, рада  сустрэчам з тымі, з кім разам стараліся, каб раён развіваўся і прыгажэў.

В. ЯНУКОВІЧ,

старшыня райвыканкама  з 2000 па 2004 год.



1 комментарий по теме “Бераглі і прымнажалі

  1. Шмат дарог і сцяжынак, па якіх даводзілася хадзіць і Вам, і мне, шаноўная зямлячка. Шчасця і здароўя!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.