Дзякуючы дагаворам аб супрацоўніцтве

Образование

Напрыканцы мінулага года на адрас Пастаўскага прафтэхкаледжа прыйшлі Падзячныя лісты ад дырэктара міжнароднай спецыялізаванай выставы сельскагаспадарчай тэхнікі “Аграсалон-2014” у горадзе Масква. Імі адзначаны дырэктар навучальнай установы Мікалай  Мікалаевіч Лысёнак, старшы майстар Аляксандр Святаслававіч Бабіч, майстры вытворчага навучання Дзяніс Аляксандравіч Авізіч, Віталій  Яўгеньевіч Лысёнак, Юрый Веніямінавіч Шылёнак і Валерый  Пятровіч Грынько.

Чарговая паездка ў сталіцу Расійскай Федэрацыі стала магчымай дзякуючы дагавору аб супрацоўніцтве з Барыса­глебскім сельскагаспадарчым тэхнікумам Варонежскай вобласці, які быў падпісаны ў 2009-ым, а ў 2012  годзе прадоўжаны. За гэты час адбылося некалькі сустрэч інжынерна-педага­гічных работнікаў і навучэнцаў, на якіх абмяркоўваліся пытанні вучэбна-выхаваўчай, грамадска-культурнай дзейнасці, бакі абменьваліся вопытам работы.

— Асабліва пазнавальным і карысным стала для нас наведванне міжнароднай спецыялізаванай выставы сельгастэхнікі “Аграсалон”, — расказваў дырэктар каледжа М. М. Лысёнак. — Летась яна праводзілася ў пяты раз і ўразіла сваім размахам. Мяркуйце самі: у чатырох выставачных павільёнах буйнейшыя ра­сійскія і замежныя вытворцы прадставілі больш за 700 узораў найноўшай сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Разам са сваімі калегамі з Барысаглебска і Мінскага аўтамеханічнага каледжа мы з вялікай цікавасцю азнаёміліся з сучаснымі машынамі, інавацыйнымі тэхналогіямі, лепшымі ўзорамі сусветнага сельскагаспадарчага машынабудавання.

Важнай складаемай часткай “Аграсалона-2014”  сталі дзелавыя сустрэчы, прэзентацыі, адукацыйныя праграмы, семінары-нарады, афіцыйная прэс-канферэнцыя і іншыя мерапрыемствы. У рамках выставы адбылося ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу інавацыйных работ студэнтаў аграрных вышэйшых навучальных устаноў Расійскай Федэрацыі. Дыплом удзельніка атрымаў і наш навучэнец Мікалай Папко, кіраўніком праекта якога з’яўляўся майстар Д. В. Міхасёнак. Майстры вытворчага навучання прафтэхкаледжа правялі адкрыты ўрок і былі адзначаны Падзякамі дырэктара міжнароднай выставы. Усе выдаткі на паездку пастаўчан у Маскву ўзяў на сябе прымаючы бок.

2014 год для інжынерна-педагагічнага калектыву Пастаўскага каледжа адкрыў новыя перспектывы сацыяльнага супрацоўніцтва. Былі заключаны дагаворы з цэнтрам па прафесійнай падрыхтоўцы горада Швянчоніс  Літоўскай Рэспублікі і аўтамеханічным ліцэем Санкт-Пецярбурга (Расійская Федэрацыя). Тут таксама пабывалі нашы дэлегацыі, у выніку чаго былі распрацаваны перспектыўныя планы і праграмы аб супрацоўніцтве ў педагагічнай і грамадска-культурнай дзейнасці.

Чакаецца, што сёлета расіяне і літоўцы наведаюць прафтэхкаледж, якому восенню спаўняецца 60 гадоў.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.