Каля 40 відаў экспертыз

Местная власть

19 лютага ў райвыканкаме “прамую тэлефонную лінію” і асабісты прыём грамадзян правёў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь палкоўнік юстыцыі Сяргей Анатольевіч Яўмененка. На прыёме прысутнічалі начальнік упраўлення ка­мітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці падпалкоўнік юстыцыі Юрый Анатольевіч Шчацько, яго намеснік — галоўны дзяржаўны судовы медыцынскі эксперт Алег Андрэевіч Кухнавец і начальнік Пастаўскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Валерый Ірынеушавіч Сінкевіч.

На прыём прыйшлі тры чалавекі. Першага наведвальніка цікавіла,  дзе можна набыць спецыяльнасць эксперта-крыміна­ліста. “Сын сёлета заканчвае гімназію і хоча звязаць сваё жыццё з праваахоўнай дзейнасцю”, — патлумачыў мужчына.

— Самы просты шлях — закончыць юрыдычны факультэт любой ВНУ і прыйсці да нас на работу, — адказаў С. А. Яўмененка. — Справа ў тым, што з наступнага года набор на следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС ажыццяўляцца не будзе — немэта­згодна трымаць такі штат выкладчыкаў для таго, каб вучыць адну групу, 25—30 чалавек. Мы набіраем людзей і пасля цывільных ВНУ. Яны праходзяць першапачатковую падрыхтоўку ў вучэбным цэнтры МУС, атрымліваюць званне і служаць. Увогуле, трапіць на работу ў камітэт можна практычна з любой адукацыяй. У нас ёсць медыкі, будаўнікі, хімікі, біёлагі, фізікі, юрысты, філолагі, лінгвісты і інш. Нават у традыцыйнай крыміналістыцы працуюць людзі з рознай адукацыяй.

Жыхарку райцэнтра непакоіла пытанне будаўніцтва новага морга ў Паставах, паколькі стары знахо­дзіцца ў вельмі сумным стане.

— Мы ведаем пра гэту праблему і ўсімі сіламі спрабуем знайсці грошы, каб яе вырашыць, — канстатаваў высокі сталічны госць. — Разглядаем розныя варыянты — і ўзвя­дзення капітальнага морга, і будаўніцтва модульнага. Апошні абыдзецца танней, але ў ім немагчыма будзе стварыць такія ж умовы, як у капітальным будынку. Яшчэ да пачатку прыёму абмяркоўвалі да­дзенае пытанне, у тым ліку са старшынёй райвыканкама Віктарам Сяргеевічам Гутаравым. Паверце, бу­дзем рабіць усё магчымае, каб у вашым горадзе нарэшце з’явіўся новы морг.

Пытанне, з якім прый­шла на прыём трэцяя наведвальніца, не датычылася кампетэнцыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Тым не менш і яе ўважліва выслухалі і растлумачылі, куды трэба звяртацца. Як аказалася, пастаўчане мала ведаюць пра функцыі камітэта. Таму карэспандэнт “ПК” папрасіла С. А. Яўмененку расказаць, чым займаецца створаны 1 ліпеня 2013 года орган.

— Асноўная наша работа — гэта вытворчасць судовых экспертыз, у тым ліку судова-медыцынскай і судова-псіхіятрычнай, па крымінальных і грама­дзянскіх справах, справах аб адміністрацыйных парушэннях, а таксама звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай і эканамічнай дзейнасці, экспертыз па матэрыялах праверак па заявах і паведамленнях аб злачынствах, — зазначыў Сяргей Анатольевіч. — Акрамя таго, мы праводзім даследаванні па матэрыялах дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць дазнанне, аператыўна-вышуковую і кантрольную дзейнасць, вя­дзём крыміналістычныя ўлікі і калекцыі, ажыццяўляем забор органаў і тканак у памерлых донараў і іншыя віды медыцынскай дзейнасці ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, нагляд за якасцю аказання медыцынскай дапамогі арганізацыямі аховы здароўя незалежна ад іх форм уласнасці і ведамаснай падпарадкаванасці і інш.

— А якія віды даследаванняў вы выконваеце?

— На сённяшні дзень іх каля 40 у розных галінах ведаў. Усе можна згрупіраваць па чатырох асноўных напрамках: судова-медыцынскія, крыміналістычныя, тэхнічныя і спецыяльныя. У ходзе судова-медыцынскіх экспертыз можна не толькі ўстанавіць прычыну смерці або цяжкасць атрыманых цялесных пашкоджанняў, але і даказаць бацькоўства чалавека, вызначыць канцэнтрацыю алкаголю або наркотыкаў у яго арганізме, устанавіць дзея- і здзелказдольнасць. Сярод крыміналістычных экспертыз найбольшы практычны інтарэс для грамадзян могуць уяўляць почырказнаўчыя і тэхніка-крыміналістычныя экспертызы дакументаў. Гэта значыць, мы можам устанавіць прыналежнасць тэксту або подпісу канкрэтнай асобе, факт унясення змяненняў у дакумент або яго падробку. У ходзе трасалагічных экспертыз устанаўліваем, перабіты або не нумар кузава аўтамабіля, прыгнанага з-за мяжы, ці было ўмяшальніцтва ў лічыльнікі ўліку спажывання электрычнасці, вады, газу. Да тэхнічнага блока экспертыз у першую чаргу адносяцца аўтатэхнічныя даследаванні — механізмаў дарожна-транспартных здарэнняў, прычын разгерметызацыі шын, работы тармазных і рулявых механізмаў, вуглоў сутыкнення транспартных сродкаў. І, нарэшце, у апошні блок уваходзяць судова-эканамічныя і будаўніча-тэхнічныя экспертызы. Калі першыя могуць адказаць на пытанні, як развівалася эканамічная сітуацыя на вытворчасці і дзеяннямі якіх асоб нанесены ўрон, то другія аказваюць дапамогу грамадзянам у вызначэнні сумы ўрону ад заліцця кватэры, вырашаюць пытанні раздзелу жылых дамоў і прылеглых зямельных участкаў, пры наяўнасці ўсёй дакументацыі могуць устанаўліваць якасць і аб’ём выкананых будаўніча-мантажных або рамонтна-будаўнічых работ.

— Сяргей Анатольевіч, калі камусьці з пастаўчан спатрэбіцца атрымаць афіцыйнае заключэнне кваліфікаванага эксперта, куды можна звярнуцца?

— Па ўсіх пытаннях, звязаных з назначэннем экспертыз і даследаванняў, звяртайцеся ў Пастаўскі раённы аддзел Дзяржка­мітэта судовых экспертыз па адрасе: вуліца Чырвонаармейская, 145а, або па тэлефоне 6-04-47, ва ўпраўленне Дзяржкамітэта ў Віцебску, вуліца Гагарына, 12, тэлефоны: 8(0212) 36-01-68, 36-65-52 (па пытаннях судовай псіхіятрыі — 65-09-02). Пры неабходнасці выканання асабліва складаных даследаванняў можна звярнуцца ў цэнтральны апарат Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, размешчаны ў Мінску па вуліцы Кальварыйскай, 43, у тым ліку па тэлефоне 8(017)308-61-04.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.