“Караліноўскія сезоны” Мікалая Драненкі

Культура Личности

6 лютага ў Доме рамёстваў “Стары млын” адкрылася персанальная выстава вядомага віцебскага мастака. А побач з ёй, у суседняй зале, — выстава работ навучэнцаў Пастаўскай школы мастацтваў імя А. Ромера.

Экспазіцыя, падрыхтаваная школай мастацтваў, стала своеасаблівым працягам конкурсу-пленэру “Палітра Пастаўшчыны”, які восенню мінулага года на працягу двух дзён праходзіў у Камаях. Акрамя пастаўчан, у ім удзельнічалі навучэнцы Глыбоцкай школы мастацтваў, а таксама вышэйпамянёны М. А. Драненка, які даваў дзецям майстар-клас.

— Калі працаваў з юнымі мастакамі, мяне ўразіла іх жаданне тварыць, — прызнаўся Мікалай Аляксеевіч на адкрыцці выстаў. — Хачу адзначыць высокі ўзровень выканання многіх работ. Жадаю іх аўтарам працягваць шукаць сябе ў мастацтве і памятаць, што гэта няпросты шлях, які патрабуе цярпення і працавітасці.

Затым М. А. Драненка расказаў прысутным — а на адкрыццё выстаў прыйшлі не толькі вучні і настаўнікі школы мастацтваў, але і работнікі культуры — пра свае работы, выкананыя ў тэхніцы алейнага жывапісу: як яны ствараліся, якія прыёмы выкарыстоўваў, правёўшы экскурсію па выставачнай зале. Усяго ў ёй размясцілася каля 40 карцін, якім сам аўтар даў агульную назву “Караліноўскія сезоны”. Большасць напісана ў  перыяд з 1971 па 2014 год у вёсцы Каралінова, дзе пэўны час жыў і працаваў мастак Альфрэд Ромер. Гэта эцюды, нацюрморты і пейзажы, на якіх адлюстраваны мясцовыя краявіды, а таксама сядзіба А. Ромера. Некаторыя пейзажы былі створаны падчас пленэру, прысвечанага 180-годдзю з дня нараджэння мастака.

Што звязвае М. А. Драненку з Караліновам і чаму ён так часта бывае там? Аказваецца, у гэтай вёсцы нарадзілася яго жонка, з якой пазнаёміўся падчас вучобы ў Віцебскім педінстытуце, і да гэтага часу жыве цешча — нядаўна ёй споўніўся 91 год. Але не толькі неабходнасць догляду старога чалавека вымушае Мікалая Аляксеевіча рэгулярна наведвацца на Пастаўшчыну. Яна прываблівае яго сваімі ўнікальнымі мясцінамі, прыродным багаццем і самабытным вясковым укладам жыцця. “Тут добра працуецца і шмат сюжэтаў для карцін”, — кажа ён.

Дарэчы, мастак гатовы прадаць свае работы, у тым ліку тыя, якія зараз экспануюцца ў Доме рамёстваў, аматарам жывапісу. Або напісаць партрэт, калі хтосьці гэтага пажадае. Таму, калі ласка, звяртайцеся ў “Стары млын”, і вам дапамогуць звязацца з М. А. Драненкам.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.