Кожны новы год усё больш аддаляе ад нас афганскую вайну. Усё далей у гісторыю адыходзяць тыя падзеі, старэюць воіны-інтэрнацыяналісты. Але колькі б часу ні прайшло, яны да драбніц будуць памятаць свае вогненныя камандзіроўкі і вельмі неахвотна пра іх расказваць: надзвычай балючыя душэўныя раны засталіся. Вось і пастаўчанін Анатолій Васільевіч Голад доўга не згаджаўся на інтэрв’ю. А калі ўрэшце ўдалося яго ўгаварыць — раз за разам стараўся перавесці размову на іншае.
У Афганістан А. В. Голад трапіў у студзені 1981-га разам з 292-ім Асобным верталётным палком па агнявой падтрымцы, які дыслацыраваўся ў Паўднёвай Асеціі, горадзе Цхінвал. На той час Анатолій Васільевіч быў ужо ў званні маёра і займаў пасаду намесніка камандзіра палка. Меў таксама сям’ю — жонку і двух сыноў. Тым не менш паведамленне аб адпраўцы ў небяспечную камандзіроўку ўспрыняў спакойна.
— Мяне гэта не напалохала, як і амаль кожнага ў нашым палку, — кажа ён сёння. — У ім не было баязліўцаў, наадварот, усе вельмі смелыя і адказныя людзі. Я ганарыўся імі.
На самалётах АН-22 292-гі полк перавезлі з Грузіі ва Узбекістан, на ваенны аэрадром Какайды, што за 40 кіламетраў ад Тэрмеза. Там вайскоўцы прывялі свае верталёты ў баявы стан і самастойна пераляцелі ў Кундуз. А адтуль праз месяц перабазіраваліся ў Джалалабад, што на граніцы з Пакістанам. У Джалалабадзе, па словах А. В. Голада, і пачалася “сапраўдная афганская работа”. Кожны дзень савецкія верталётчыкі паднімаліся ў 3 гадзіны ночы, бо ўжо ў маі ўсталявалася невыносная спёка, і ажыццяўлялі баявыя вылеты на месцы, а таксама ў Гардэз і Газні.
— Наш аэрадром ахоўвала па перыметры дэсантна-штурмавая брыгада, — успамінае ветэран. — Душманы шмат разоў рабілі спробы захапіць яго. Аднойчы адбіваліся ад іх каля двух сутак. Мы пастаянна насілі пры сабе заражаныя пісталеты, каб у крайнім выпадку застрэліцца і не трапіць у палон, бо ведалі, як духі абыходзяцца з савецкімі салдатамі і афіцэрамі.
Баі з душманамі ішлі ў цяснінах на ўсёй працягласці ад пакістанскага Пешавара да аэрадрома, які перашкаджаў баевікам завалодаць тэрыторыяй і аб’ектамі за ім. У маі 1981 года пачалася самая доўгая баявая аперацыя, якая закончылася глыбокай восенню. У выніку яе ў кожнай роце дэсантна-штурмавой брыгады засталося па 12-20 байцоў. Значныя страты за паўтара года знаходжання ў Афганістане панёс і верталётны полк: амаль 60 чалавек з яго былі адпраўлены дамоў “грузам-200”.
А. В. Голад вярнуўся ў Цхінвал кавалерам ордэна Чырвонай Зоркі. Праз год Анатолія Васільевіча накіравалі ў Германію, дзе праслужыў 5 гадоў і атрымаў званне падпалкоўніка. А ў лістападзе 1987-га ён прыехаў служыць у Паставы. Тут праз некаторы час выйшаў у запас, але сядзець дома не стаў. Пакуль дазваляла здароўе, працаваў ва УП ЖКГ начальнікам участка кацельняў і цепласетак раёна, узначальваў раённую арганізацыю ветэранаў вайны ў Афганістане. Як і іншыя воіны-інтэрнацыяналісты, часта выступаў перад вучнямі СШ №3 і №1, расказваў пра баявое мінулае падлеткам са свайго дома. Цяпер робіць гэта ўсё радзей, каб не трывожыць лішні раз хворае сэрца, на якім ніколі не загоіцца афганская рана.
Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.