
Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла ініцыятарам правядзення рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. Конкурсная праграма, якая раздзелена на тры этапы, праходзіць пад знакам Года моладзі. Першы этап — раённы. Прайшоў ён і ў Паставах.
— Галоўная мэта конкурсу, — гаварыла старшыня Пастаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая, — прыцягнуць да ўдзелу ў ім маладых людзей (ад 16 да 31 года), членаў прафсаюза, з працоўных калектываў і адкрыць новыя таленты, стварыць найлепшыя ўмовы для раскрыцця іх творчых здольнасцей, прапагандаваць сярод моладзі здаровы лад жыцця.
За кароткі тэрмін пярвічным прафсаюзным арганізацыям устаноў, прадпрыемстваў трэба было адабраць на конкурс прадстаўнікоў ад сваіх калектываў. Заяўку на праслухоўванне падалі дваццаць вакалістаў-аматараў. Актыўнасць праявілі прафсаюзныя арганізацыі адкрытага акцыянернага таварыства “Камайскі-агра”, якое прадстаўлялі Мікалай Юдзін, Дзіяна Півавар і Юлія Селівёрстава, ясляў-сада № 1 (Наталля Казаровец і Карына Мурзёнак). Не засталіся ўбаку і старшыні прафкамітэтаў з Варапаеўскай дыстанцыі пуці, СШ № 4, райспажыўтаварыства, цэнтра культуры і народнай творчасці, Варапаеўскай раённай бальніцы, прафтэхкаледжа, ААТ “Паставымэбля”, раённай бібліятэкі, УП ЖКГ, раённага Дома культуры, ААТ “Кураполле-агра”, гонар якіх абаранялі Надзея Кімбар, Вікторыя Корзан, Таццяна Пронька, Дзяніс Круглоў, Таццяна Карпава, Ірына Мяжэніна, Аляксандр Макаранка, Дзмітрый Ракоўскі, Анастасія Пашкова, Сяргей Казура, Вольга Толсцік і Яўгенія Бяляўцава.
— Людзі розных прафесій (медыкі, прадаўцы, бухгалтары, слесары, аператары машыннага даення) і з рознымі здольнасцямі выходзілі на сцэну, — гаварыла член журы выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Жанна Гучык. — Але іх выступленні краналі душу. Узровень многіх вакалістаў высокі, большасць змаглі перадаць эмоцыі і пачуцці праз песні. Адчувалася, хто з мікрафонам на ты і выступае ўпэўнена, а хто на вялікую сцэну выйшаў упершыню, і такім было складана расслабіцца, прадэманстраваць свой артыстызм. Стараліся ж усе.
Конкурс сапраўды адкрыў новыя імёны таленавітых маладых людзей. Эстрадныя, народныя, бардаўскія песні гучалі на беларускай, рускай і нават англійскай мовах. Разнастайнай была і іх тэматыка: вайна, каханне, любоў да роднай Беларусі. Члены журы, у склад якога ўвайшлі старшыня Пастаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Лойка, кіраўнік вакальна-інструментальнага ансамбля “Скіфы” Віктар Верацельнікаў, выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў імя А.Тызенгаўза Жанна Гучык і спецыяліст па вакальна-харавым жанры цэнтра культуры і народнай творчасці Аксана Нікалаева, доўга раіліся, бо ім было вельмі складана выбраць лепшых з лепшых.
Усе канкурсанты атрымалі сертыфікаты ўдзельніка конкурсу. Прафсаюзныя арганізацыі, членамі якіх яны з’яўляюцца, адзначаць іх і матэрыяльна. А пераможцамі сталі Сяргей Казура з унітарнага прадпрыемства “Жыллёва-камунальная гаспадарка Пастаўскага раёна”, Вольга Толсцік з раённага Дома культуры і Яўгенія Бяляўцава з ААТ “Кураполле-агра”. Яны ўзнагароджаны дыпломамі раённага аб’яднання прафсаюзаў і грашовымі прэміямі па 500 тысяч рублёў.
Прыемна было бачыць у зале не толькі старшынь прафсаюзных арганізацый, прадстаўнікі якіх выступалі на сцэне, але і многіх кіраўнікоў, а таксама групу падтрымкі з цэнтральнай раённай бальніцы.
— Упэўнена, што нашы пераможцы годна прадставяць раён на абласным конкурсе, — сказала ў заключэнне Іна Далецкая. — А многія з канкурсантаў будуць запрошаны работнікамі культуры да ўдзелу ў розных святочных канцэртах, якія будуць праходзіць у раёне.
Анна АНІШКЕВІЧ.
Фота аўтара.