Па пытаннях зямельных адносін


У ходзе паўсядзённай дзейнасці людзей, суб’ектаў гаспадарання нярэдка ўзнікаюць пытанні, звязаныя з землекарыстаннем. Былі яны і падчас “прамой лініі” з началь­нікам землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Аленай Вітальеўнай ІВАНЬКОВАЙ.

Якія вынікі дае інвентарызацыя зямель і дзе можна знайсці інфармацыю пра свабодныя зямельныя ўчасткі?

— У сельскіх населеных пунктах інвентарызацыя зямель праводзіцца штогод, бо некаторыя грамадзяне адмаўляюцца ад участкаў, якія ў свой час былі выдзелены ім для вядзення асабістых падсобных гаспадарак, сенакашэння і пасьбы жывёлы.  Толькі летась рашэннем райвыканкама сельскагаспадарчым прадпрыемствам перадалі 86 гектараў такіх зямель, якія разараны і выкарыстоўваюцца па прызначэнні.

Што датычыць свабодных зямельных участкаў, то іх пералік фарміруецца кожны месяц і падтрымліваецца ў актуальным стане. Інфармацыя пра ўчасткі размешчана на стэндах сельскіх выканаўчых камітэтаў і райвыканкама, а таксама на афіцыйным сайце райвыканкама. На сённяшні дзень маецца 325 свабодных зямельных участкаў  плошчай 68,2 гектара. Яны могуць быць прадастаўлены грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў.

Дарэчы, летась для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў у нас было сфарміравана 9 зямельных участкаў, 7 з якіх прададзены ў прыватную ўласнасць на аўкцыёнах на суму 108,2 мільёна рублёў.

— Колькі ў раёне садаводчых таварыстваў і ці ёсць магчымасць набыць у іх зямельны ўчастак?

— На Пастаўшчыне зарэгістравана 8 садаводчых таварыстваў, адно з іх —  “Крыніца”  — знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. У карыстанні, валоданні і арэндзе грамадзян гэтых аб’яднанняў знаходзіцца 47,9 гектара зямель, у тым ліку ў прыватнай уласнасці — 40,5 гектара. 298 участкаў зарэгістраваны ў Адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці, што складае 68% ад іх агульнай колькасці. На пачатак гэтага года для вя­дзення калектыўнага садаводства мелася 66 участкаў плошчай 2,6 гектара.

— Як у раёне ажыццяўляецца дзяржаўны кантроль за выкарыстаннем і аховай зямель?

— Асноўнымі задачамі нашай службы з’яўляюцца рэалізацыя адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы зямельных аносін і забеспячэнне дзяржаўнага кантролю за аховай і рацыянальным выкарыстаннем зямель на тэрыторыі  раёна. Распара­джэннем раённага выканаўчага камітэта спецыялісты службы надзелены паўнамоцтвамі па складанні пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Летась землеўпарадкавальнай службай былі праведзены 192 праверкі захавання зямельнага заканадаўства, у 104 выпадках выяўлены парушэнні, па кожным з іх вынесены пастановы. Вінаватыя аштрафаваны на 8 мільёнаў 705 тысяч рублёў.  Аформлены адзін пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за самавольнае заняцце зямельнага ўчастка. Сума штрафу склала 3 мільёны рублёў.

— Якія найбольш характэрныя парушэнні зямельнага  заканадаўства?

— Самым распаўсюджаным з’яўляецца невыкарыстанне  без уважлівых прычын зямельных участкаў, выдзеленых для вядзення асабістых падсобных гаспадарак, абслугоўвання жылых дамоў, садаводства. Ёсць абуральныя факты, калі такія ўчасткі зарастаюць пустазеллем, забруджваюцца будаўнічымі адходамі, бытавым смеццем, гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Парадак на іх, як правіла, грамадзяне наводзяць толькі пасля накладання штрафу.

Матэрыял да друку падрыхтаваў Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.