Па “рэлакс” — на Пастаўшчыну


“Зялёны” адпачынак з моды не выходзіць. Наадварот, з кожным годам усё большая колькасць грамадзян вырашае правесці свой водпуск не ў гарадскіх джунглях, а на ўлонні дзікай прыроды. І ўсё часцей яны прыязджаюць па душэўны “рэлакс” на Пастаўшчыну.

Ёсць куды! У раёне дзейнічае 38 аграэкасядзіб. Іх колькасць з кожным годам расце — толькі летась у Пастаўскім раёне зарэгістравана 8 новых аб’ектаў вясковага адпачынку. 6 з іх развіваюцца пры падтрымцы Белагра­прамбанка, які выдаткаваў новаспечаным гаспадарам 1 мільярд 268 мільёнаў рублёў крэдытных сродкаў.

Адна сядзіба — “Поні Лэнд” — з’явілася на турыстычнай карце нашага рэгіёна сёлета. Знаходзіцца яна на хутары ля вёскі Стары Двор (Варапаеўскі сельсавет) і належыць пастаўчанам Алесі і Дзмітрыю Гутарам. Яны разумеюць: адной прыродай гасцей не здзівіш, таму ў іх гаспадарцы не толькі козы і авечкі, але і…тры поні.

Сям’я Гутар плануе развіваць такі від паслуг, як катанне на іх. У першую чаргу разлічваюць на дзетак, якія ахвотныя праехацца верхам. Змогуць пракаціцца і дарослыя — для гэтых мэт закуплены патрэбная амуніцыя і каларытная павозка. Да паслуг турыстаў таксама будуць веласіпеды і лодка. Усяго сядзіба можа прыняць адначасова да шасці чалавек. Цяпер у доме вядуцца актыўныя работы па добраўпарадкаванні. Хутка там чакаюцца першыя госці.

—            Для дзяцей зносіны з жывёламі надзвычай карысныя, — упэўнена Алеся. — У нас саміх двое сыноў і дачка, малодшаму няма і паўтара года. Бачу, якія яны акрыленыя, ураўнаважаныя пасля прагулак з поні. Нездарма медыкамі распрацаваны сеансы рэабілітацыі, заснаваныя на зносінах з жывёламі. У мяне нават ёсць задума правесці сумесную дабрачынную акцыю з пастаўскім ТЦСАН і бясплатна пакатаць на конях людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Упэўнена, гэта падорыць ім шмат станоўчых эмоцый.

Гутары ў аграэкатурызме — навічкі. Але ім ёсць у каго павучыцца — у раёне нямала сапраўдных “мэтраў” гэтай справы. Да іх ліку адносяцца Наталля і Юрый Фурсы. Іх кавальская сядзіба ў Трабуцішках, што на Лынтупшчыне, была адкрыта на Пастаўшчыне першай. Гэта падзея адбылася ў 2006 го­дзе. За 9 гадоў яна ўдасканалілася і стала яшчэ больш прывабнай для турыстаў. Сёння сядзібу можна смела назваць музеем — так многа тут самабытных рэчаў. Нездарма яна некалькі гадоў назад стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу на лепшую аграсядзібу ў намінацыі “Захаванне беларускіх традыцый і культуры”. Кожны год сюды з вялікай ахвотай наведваюцца не толькі беларусы, але і расіяне, палякі, немцы, англічане…

Не менш замежных гасцей адпачывае ў навасёлкаўскай сядзібе “Акарына”. Гасцей з усяго свету вабяць не толькі маляўнічыя вясковыя краявіды, але і каларытны гаспадар — народны майстар, удзельнік шматлікіх фестываляў і выстаў, ганчар Сяргей Шчэрба. На працягу многіх гадоў ён праводзіць у сядзібе шматлікія абрады, у тым ліку для маладажонаў і дзяцей, а таксама здзіўляе непаўторным гучаннем гліняных інструментаў, якія сам жа і вырабляе. Іх, а таксама іншых рэчаў з гэтага матэрыялу ўжо сабраўся цэлы музей.

Едуць турысты на Пастаўшчыну і каб паласавацца мёдам у сядзібе  Сяргея Дзіковіча “Буслінае гняздо”, адпачыць у “Хаце пад клёнамі” Алега Колесня і “Ліпніках” Тэрэсы Лысёнак… Стараюцца ўразіць і іншыя гаспадары, якія з кожным годам удасканальваюць якасць і разнастайнасць паслуг. Адным словам, робяць усё для таго, каб госці нашага рэгіёна жадалі вяртацца сюды зноў і зноў.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота Андрэя Мацура.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.