«Паставы-гарадок» — гэта высокая якасць

Экономика

Па выніках конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» за 2014 год адкрытае акцыянернае таварыства «Пастаўскі малочны завод» прызнана лаўрэатам у намінацыі «Харчовыя тавары». Дыпломамі адзначаны сыр «Плаўлены» з масавай доляй тлушчу ў сухім рэчыве 30%, сыр «Альпійскі» (45%) і сыр «Трыумф» (30%).

У розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставах, конкурсах і кірмашах прадпрыемства прымае ўдзел рэгулярна. Прадукцыя завода адзначана дзясяткамі грамат, дыпломаў і медалёў. Сярод ганаровых узнагарод і прэмія Урада Рэспублікі Беларусь. Высокую ацэнку прадукцыя малаказавода набыла і ў спажыўцоў. Сыры, смятана, малако і шэраг іншых тавараў, вырабленых пад гандлёвай маркай «Паставы-гарадок», трывала заваявалі айчынныя і замежныя рынкі збыту. Толькі ў Беларусі натуральнамалочныя вырабы прадпрыемства рэалізуюцца больш чым у 400 гандлёвых кропках.

За 75-гадовую гісторыю завода не раз мяняліся прыярытэты яго развіцця і асартымент выпускаемай прадукцыі. Сёння ў структуры таварнай прадукцыі прадпрыемства каля 60% займае вытворчасць сыроў, 26% — натуральнамалочная прадукцыя: адтопленае і пастэрызаванае малако, смятана, кефір і вяршкі. На долю масла сметанковага прыходзіцца 7% ад агульнага аб’ёму прадукцыі.

Дырэктар прадпрыемства Валянцін Францавіч Пылінскі лічыць, што росту фінансава-эканамічных паказчыкаў прадпрыемства спрыяюць павелічэнне аб’ёмаў нарыхтоўкі і перапрацоўкі малака, рост капітальных укладанняў у перааснашчэнне вытворчых і абслуговых цэхаў. Два гады таму скончана будаўніцтва цэха цвёрдых сыроў. У рэалізацыю праекта інвесціравана больш за 200 мільярдаў рублёў. Да мадэрнізацыі праектная магутнасць завода складала 200 тон малака ў суткі, зараз сутачны аб’ём перапрацоўкі ўзрос да 400 тон. Уведзена ў эксплуатацыю першая чарга ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод, у снежні 2014 года завяршылася рэканструкцыя трэцяй чаргі. Таксама ў мінулым годзе ўведзены ў строй станцыі абезжалезвання вады і каналізацыйна-помпавая. Плануецца ажыццяўленне і шэрага іншых значных для прадпрыемства праектаў.

Сакрэт паспяховай дзейнасці прадпрыемства складаецца з мноства фактараў. Гэта і выпуск запатрабаванай прадукцыі, і пастаянны кантроль за яе якасцю, і пашырэнне рынкаў збыту. Завод увесь час паляпшае смакавыя якасці натуральнамалочных вырабаў, ажыццяўляе мадэр­нізацыю вытворчасці, укараняе сучасныя тэхналогіі. Усё гэта дазволіць прадпрыемству і ў далейшым планамерна развівацца і прыбыткова працаваць.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.