Поспех — у сучасных тэхналогіях

Образование


Забеспячэнне якасці адукацыі — адна з галоўных задач, якія стаяць сёння перад навучальнымі ўстановамі краіны. На працягу 8 гадоў з ёй паспяхова спраўляюцца ў Пастаўскай гімназіі — лепшай па выніках работы за мінулы год сярод агульнаадукацыйных устаноў раёна.

У сярэднім 92 працэнты выпускнікоў гімназіі штогод паступаюць у вядучыя ВНУ Беларусі, прычым многія — на бюджэтную форму навучання. А да гэтага актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях, заваёўваючы ўзнагароды. Так, сёлета на трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах чацвёра пастаўскіх гімназістаў атрымалі дыпломы ІІ і ІІІ ступеняў. Адна з прызёраў, 11-класніца Кацярына Парангоўская, у скла­дзе каманды Віцебскай вобласці будзе ўдзельнічаць у заключным этапе спаборніцтваў. Другая алімпіядніца, Лада Шайтар, разам з настаўнікам геаграфіі І. М. Пракаповічам запрошана да ўдзелу ў навукова-практычнай канферэнцыі, якая ў бліжэйшы час пройдзе ў Мінску.

— Дасягнуць такіх вынікаў нам дапамагае ўкараненне ў адукацыйны працэс новых, сучасных падыходаў і тэхналогій, — расказвае дырэктар гімназіі Славамір Часлававіч Каранеўскі. — Кожны настаўнік мае ўласную траекторыю развіцця і тэму, над якой працуе. Усе тэмы ўзгоднены з агульнай мэтай і тэмай работы педагагічнага калектыву, якая вызначаецца на год. У прыватнасці, зараз мы працягваем займацца пытаннем развіцця электроннага адукацыйнага інфармацыйнага асяроддзя як асноўнага навучальнага рэсурсу павышэння якасці адукацыі. І тут вялікую ролю адыгрываюць інфармацыйныя тэхналогіі, у плане якіх маем даволі сур’ёзныя напрацоўкі і добрую матэрыяльную базу: два камп’ютарныя класы, іншую камп’­ютарную тэхніку, якой забяспечаны ўсе — ад адміністрацыі да канкрэтнага настаўніка. Самым вялікім нашым набыццём за апошні час стаў кабінет фізікі, дзе, акрамя сучаснага камп’ютара, устаноўлены інтэрактыўная дошка, мультымедыйны праектар і вадкакрышталічны тэлевізар. Маецца таксама неабходнае праграмнае забеспячэнне. Такіх кабінетаў у рэспубліцы ўсяго каля 50. Інфармацыйныя тэхналогіі прымяняюцца і ў бібліятэцы. Гімназія — адзіная навучальная ўстанова ў раёне, у якой укараняецца праграма “Бібліёграф” для аблягчэння працы бібліятэкара, педагогаў і навучэнцаў. А для больш якаснай работы адміністрацыі выкарыстоўваецца праграма “Параграф” — электронная база даных на настаўнікаў і навучэнцаў.

Наяўнасць сучасных электронных сродкаў сувязі дазволіла вучнёўска-педагагічнаму калектыву гімназіі правесці ў лістападзе 2014 года першую анлайн-канферэнцыю са Швянчонскай гімназіяй Літвы. Таксама ва ўстановы з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у інавацыйным праекце на 2015/2016 навучальны год “Укараненне мадэлі інтэрактыўных электронных сродкаў навучання” і стаць інавацыйнай пляцоўкай абласнога і рэспубліканскага значэння.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.