Прэзентаваў “Чароўны край — Пастаўшчыну”

Образование

Аўтар вучэбнага дапаможніка са сваімі вучаніцамі.

23 студзеня ў Пастаўскай гімназіі настаўнік геаграфіі, член вучонага савета Беларускага геаграфічнага таварыства, вядомы ў раёне краязнаўца і пісьменнік Ігар Пракаповіч прадставіў шырокай публіцы другое выданне свайго вучэбнага дапаможніка па курсе “Паставызнаўства”.

Кніга “Чароўны край — Пастаўшчына” ўяўляе сабой частку адукацыйнага праекта, які адлюстроўвае аўтарскі вопыт стварэння вучэбна-метадычнага комплексу па края­знаўстве для Пастаўскага раёна і з’яўляецца ў пэўнай ступені ўзорам для распрацоўкі аналагічных вучэбна-метадычных комплексаў па іншых раёнах Беларусі. Яе матэрыял сістэматызаваны і адаптаваны для ўспрыняцця навучэнцаў. Збіраўся ён на працягу 26 гадоў, а на працягу 2 гадоў пісалася сама кніга. У 2009-ым выйшла першае яе выданне, а нядаўна дзякуючы ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама свет убачыла другое выданне, дапрацаванае і дапоўненае.

— Гэта кніга пакуль адзіная ў сваім родзе ў вобласці, а магчыма, і ў рэспубліцы, — адзначыў начальнік згаданага вышэй аддзела А. Я. Кашырын, які разам з іншымі прадстаўнікамі райвыканкама і грамадскасці, педагогамі і навучэнцамі школ раёна прысутнічаў на мерапрыемстве. — Сапраўдная энцыклапедыя Пастаўшчыны, сур’ёзнае навукова-папулярнае выданне, у якое ўваходзяць DVD-дыск з мультымедыйнай прэзентацыяй кожнага ўрока і сшытак для вучняў. Звычайна, над такімі комплексамі працуюць цэлыя кафедры і нават інстытуты, работа займае не адно дзесяцігоддзе, у ёй удзельнічаюць некалькі пакаленняў навукоўцаў. А ў дадзеным выпадку ўсё зрабіў адзін чалавек за адносна невялікі час.

А. Я. Кашырын уручае І. М. Пракаповічу Падзяку старшыні райвыканкама.

Аляксандр Яўгеньевіч павіншаваў І. М. Пракаповіча з выхадам вучэбнага дапаможніка, падзякаваў настаўнікам і кіраўнікам устаноў адукацыі за тое, што першымі фінансава падтрымалі яго перавыданне (а ўсяго да акцыі па зборы сродкаў на гэта далучыліся больш за 50 устаноў і арганізацый раёна), і ўручыў Ігару Міхайлавічу Па­дзяку старшыні райвыканкама і грашовую прэмію за працу. Затым слова было прадастаўлена аўтару.

— Калі пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта я прыехаў працаваць у Апідамскую школу, там пачаў займацца турызмам, хадзіць з вучнямі ў вандроўкі, — распавёў І. М. Пракаповіч пра гісторыю стварэння дапаможніка. — У працэсе іх нарадзілася ідэя сабраць матэрыял па краязнаўстве, а затым — стварыць сістэму краязнаўчай работы ў школе. Яна знайшла ўвасабленне ў выглядзе кнігі “И край родной откроет тайны…” Каб данесці сваю ідэю да людзей, якія займаюцца навукай, геа­графіяй і краязнаўствам, публікаваўся ў розных выданнях, выступаў з дакладамі на навуковых канферэнцыях. У выніку падышоў да распрацоўкі вучэбна-метадычнага комплексу — паспрабаваў стварыць асобныя курсы для асобных класаў. Так з’явілася першае выданне кнігі.

Ігар Міхайлавіч дастаткова падрабязна расказаў пра работу над ім і над другім выданнем, чым яны адрозніваюцца адно ад аднаго (дапоўнены і дапрацаваны варыянт на 30 старонак большы па аб’ёме, у ім больш ілюстрацый, ён каляровы і добра вычытаны). Спыніўся на структуры і змесце падручніка, які складаецца з пяці раздзелаў: “Родны край — Пастаўшчына”, “Мінулае і сучаснасць”, “Матэрыяльная і духоўная спадчына”, “Я спадчыну ад продкаў атрымаў…”, “Паселішчы Пастаўскага раёна” — і дадаткаў да іх. Таксама пазнаёміў з іншымі кампанентамі вучэбна-метадычнага комплексу — сшыткам для вучняў з заданнямі па кожным параграфе кнігі і DVD-дыскам. На ім, акрамя паўрочных прэзентацый, змешчаны фота­здымкі пастаўскіх фатографаў А. Чалея, В. Казака, П. Курылові­ча, А. Мацура, І. Цапеліка, В. Крука і самога аўтара, многія з якіх не ўвайшлі ў вучэбны дапаможнік. Частка іх была прадэманстравана прысутным у выглядзе фотаслайдаў пад песню «Спадчына», якую выканала навучэнка гімназіі Валерыя Пронька.

— Зараз я падышоў да таго, што трэба ствараць атлас раёна, — адзначыў І. М. Пракаповіч. — Перспектыўнае развіццё праекта бачу таксама ў напісанні метадычнага дапаможніка па выкладанні краязнаўчага курса ў школах, выданні краязнаўчых кніг, якія пашыраць тыя або іншыя пытанні.

Ігар Міхайлавіч прадставіў свае рукапісы, якія гатовы ўбачыць свет у друкаваным выглядзе або работу над якімі хутка завершыць.

Па вучэбна-метадычным комплексе настаўніка-наватара  ўжо працуюць некаторыя педагогі раёна. У іх ліку гісторык пастаўскай СШ №2 Л. Ф. Семянас, якая падзялілася сваімі меркаваннямі пра яго. Людміла Францаўна звярнула ўвагу на важнасць гістарычнага краязнаўства ў сістэме гістарычнай адукацыі ў школе і ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Зазначыла, што выкарыс­тоўвае ў рабоце ўсе даследчыя матэрыялы І. М. Пракаповіча. Яны асабліва каштоўныя пры падрыхтоўцы дзяцей да экзамену.

Настаўніца гісторыі СШ №2 г. Паставы Л. Ф. Семянас.

— Кніга “Чароўны край — Пастаўшчына” цікавая не толькі для педагогаў і навучэнцаў, але і для многіх іншых жыхароў раёна, — сказала настаўніца. — У мяне прасілі яе пачытаць нават людзі, якія па волі лёсу апынуліся далёка за межамі пастаўскага краю, не страціўшы пры гэтым сувязі з малой радзімай. Дзякуй Вам, Ігар Міхайлавіч, за працу і любоў да родных мясцін, якой прасякнута кожная старонка выдання.

З яго выхадам пісьменніка павіншавалі таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Л. К. Грачанік, старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” В. М. Ромель, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Чаплінская, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В. І. Казак, дырэктар гімназіі С. Ч. Каранеўскі, выпускніца гэтай установы, а зараз студэнтка геафака БДУ Кацярына Дунец і цяперашняя вучаніца І. М. Пракаповіча Лада Шайтар. Яны сказалі шмат добрых слоў пра аўтара, пажадалі яму далейшых поспехаў, творчага натхнення, каб кнігі, якія пакуль існуюць у выглядзе рукапісаў, абавязкова былі выдадзены, і ўручылі падарункі. Музычны падарунак свайму былому аднакласніку і калегу па СШ №1 зрабіла таксама Л. Л. Логінава, якая выканала некалькі ўласных песень на вершы Ігара Міхайлавіча. А ў канцы сустрэчы ён сам уручыў падарункі — сваю кнігу з асабістым подпісам і DVD-дыск — усім, хто так ці інакш удзельнічаў у іх стварэнні і выданні.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.