Радуюцца дзеці — радуецца сэрца


Падарункам радуюцца дзеці Алены Шуляк з вёскі Свірдуны

Напярэдадні навагодніх свят у пастаўскім райкаме БРСМ запланавалі дабрачынную акцыю. Сумесна з пярвічнай арганізацыяй вайсковай часці 25888 актывісты грамадскага аб’яднання вырашылі парадаваць выхаванцаў сацыяльнага цэнтра — купіць рэчы, якія дзеці загадзя папрасілі ў сваіх пісьмах да Дзеда Мароза. Зайшоўшы ў магазін “Ладушки”, каб дамовіцца пра пакупку падарункаў, другі сакратар райкама Вераніка Руткоўская пачула: “Мы вам і без грошай усе патрэбныя рэчы дадзім…”

Індывідуальны прадпрымальнік Алена Шульская дабрачыннасцю займаецца шмат гадоў. Раней яна перадавала рэчы ў школу-інтэрнат, цяпер — у сацыяльны цэнтр.

Што сёлета папрасілі выхаванцы ў Дзеда Мароза? Спіс быў доўгі — тут і робат на пульце кіравання, і лялька, і домік для лялькі… Гаспадыня магазіна паклапацілася пра наяўнасць усіх падарункаў, але заплацілі за іх усё ж такі сродкамі, якія былі сабраны для правядзення акцыі.

Неўзабаве Алена Шульская сама звярнулася ў райкам. Папрасіла прыехаць у магазін: забраць падрыхтаваныя рэчы і раздаць іх сем’ям, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Калі дзяўчаты з Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі туды накіраваліся — вачам не паверылі. Перад імі стаялі высачэзныя каробкі, цалкам напоўненыя цацкамі, канцылярскімі таварамі, летнім і зімовым адзеннем і абуткам розных размераў.

13 студзеня першы і другі сакратары райкама Іна Каралёва і Вераніка Руткоўская адправіліся на Камайшчыну і Лынтупшчыну, каб уручыць дзецям падарункі. Спіскі — найперш шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў — дапамаглі скласці ў сельскіх Саветах. Дзяўчаты загадзя патэлефанавалі маці, распыталі, у чым дзеці маюць патрэбу, якіх памераў носяць адзенне і абутак. У выніку было ўпакавана 20 пакетаў. Два з іх перадалі ў пастаўскія сем’і, астатнія — у сельскую мясцовасць.

Спатрэбілася нямала часу, каб аб’ехаць запланаваны маршрут — прадстаўнікі райкама завіталі ў Лынтупы, Свірдуны, Шудаўцы, Казнадзеюшкі, Крукі, Сакуны, Іёдаўцы, Багдзюны, Вярэнькі і іншыя населеныя пункты.

Як мала, аказваецца, дзецям патрэбна для шчасця! Яны “плацілі” гасцям шчырымі ўсмешкамі. Шмат слоў падзякі выказалі і маці, большасць з якіх — шматдзетныя.

— У мяне падрастае чацвёра дзяцей, — гаварыла Вольга ­Юдзіна з вёскі Сакуны. — Старэйшаму сыну 7 гадоў, малодшай з трох дачок — дзевяць месяцаў. Любая дапамога для мяне бясцэнная. А тут атрымала столькі ўсяго адразу: тры новыя пары абутку, яркае прыгожае адзенне, цацкі, сшыткі… Гэта быў прыемны сюрпрыз і для мяне, і для маіх дзетак. Дзякуй за дапамогу, нераўнадушныя адносіны людзям, якія арганізавалі такую акцыю. Упэўнена: дабро да іх абавязкова вернецца.

Падарункам радуюцца дзеці Алены Шуляк з вёскі Свірдуны.

—            Я шмат гадоў жыла непадалёк былой школы-інтэрната, і ў мяне сэрца крывёй аблівалася, калі бачыла там сумных дзетак і гора-маці, раўнадушных да іх лёсу, — гаварыла мне пазней прадпрымальніца Алена Шульская. — Вось і хацелася падарыць ім хвіліны радасці. Ніколі не прымяркоўваю свае візіты да канкрэтных дат, свят. Напрыклад, летась у самы звычайны восеньскі дзень загрузіла машыну і паехала да сябе на радзіму, у Андроны, і там таксама развезла па сем’ях падарункі. Гэта так прыемна — дарыць дзецям радасць.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.