Самыя трапныя стралкі — у пастаўскім каледжы

Спорт

Каманда прафтэхкаледжа.

У ціры сярэдняй школы №1 прайшлі раённыя спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.  Ініцыятарам і арганізатарам іх правядзення стала раённая арганізацыйная структура ДТСААФ.

У спаборніцтвах  прымалі ўдзел каманды пярвічных арганізацыйных структур ДТСААФ: прафтэхкаледжа, Пастаўскай гімназіі і шасці сярэдніх школ. У склад кожнай уваходзілі па чатыры чалавекі: два юнакі і адна дзяўчына ва ўзросце да 18 гадоў і прадстаўнік навучальнай установы. Ім трэба было выканаць практыкаванне ВП-1, якое прадугледжвала стральбу  з 20 выстралаў  па 4 мішэнях (па 5 выстралаў па кожнай) з апорай на стол. Адлегласць  да мішэняў складала 10 метраў.

У асабістым заліку сярод навучэнцаў найбольшую колькасць ачкоў набралі Таццяна Ждановіч (156), Канстанцін Шэршань (153, абое  — прафтэхкаледж) і Святлана Чатовіч (152, гімназія). Сярод прадстаўнікоў навучальных устаноў першае месца заняў Юрый Трафімаў (152, прафтэхкаледж), другое —  Яўгеній Скрыдлеўскі (140, СШ №3), трэцяе — Аляксандр Вавінскі (129, гімназія).

Прызёр спаборніцтваў Святлана Чатовіч.

У камандным заліку ўпэўненую перамогу атрымалі стралкі прафтэхкаледжа, другімі і трэцімі сталі адпаведна каманды гімназіі і СШ №3. Наступныя месцы занялі  Камайская, гарадскія №№1, 5, 2 і 4 сярэднія школы.

Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы адпаведных ступеняў і прызы (пнеўматычную вінтоўку, турысцкую палатку, мячы, іншыя каштоўныя рэчы). Уручыўшы іх, старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валерый Лушчык па­дзякаваў гаспадарам і суддзям за дакладную арганізацыю спаборніцтваў, адзначыў добрую падрыхтоўку спартсменаў.

— Такія спаборніцтвы ў нас праводзяцца ў другі раз, — адзначыў В. Лушчык. — Сёлета спартсмены паказалі значна вышэйшыя вынікі. Гэта надае ўпэўненасці, што наша каманда годна выступіць у вобласці, дзе лепшыя стралкі з гарадоў і раёнаў збяруцца ў канцы сакавіка. Увогуле, хочацца сказаць, што стралковы спорт у горадзе набывае ўсё большую папулярнасць сярод моладзі, а праводзімыя ў школах і на раённым ўзроўні спаборніцтвы садзейнічаюць лепшай падрыхтоўцы юнакоў да службы ва Узброеных Сілах краіны.

— Мы ўпершыню выставілі сваю каманду стралкоў і перамаглі, —  расказваў Юрый Трафімаў. — Задаволены выступленнямі не толькі Таццяны Ждановіч, Канстанціна Шэршаня, але і Ільі Адамовіча, які набраў 141 ачко і ў індывідуальным заліку стаў чацвёрым. Гэта вынік пастаянных трэніровак, настойлівасці і захопленасці, якія паказваюць рабяты.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.