Спартыўны калейдаскоп

Спорт

Гульні 12 тура валейбольнага першынства краіны пастаўскі “Атлант-Д” зноў правёў на выездзе ў Мінску супраць каманды Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, якая змагалася за пападанне ў фінальны этап. Склад гасцей быў практычна аптымальным, але з-за траўм не згулялі іх лідары, кандыдаты ў майстры спорту С. Цімашэнка, А. Зарэцкі і А. Шылей. Маладыя армейцы ў першай сустрэчы прадэманстравалі проста феерычную гульню без памылак, выглядалі на пляцоўцы яўна мацней і перамаглі з лікам 3:0 (25:9, 25:11, 25:19). Паўторная сустрэча праходзіла ўжо на роўных, толькі ў канцоўках пры падтрымцы сваіх прыхільнікаў мінчане згулялі крыху мацней і зноў дабіліся перамогі ў трох партыях з лікам 3:0 (25:21, 25:21, 25:22), але гэты паядынак пастаўчане могуць аднесці сабе ў актыў.

* * *

Адразу шасцярых выхаванцаў пастаўскага футбола ўключыў галоўны трэнер дубля ФК “Віцебск” С. М. Ясінскі ў склад сваёй каманды ў першым кантрольным матчы сезона з наваполацкім “Нафтанам”. Па аднаму тайму за віцябчан згулялі спачатку І. Беразун, А. Александровіч, І. Бяльчонак, а пасля перапынку выйшлі на поле М. Кастамараў, С. Волкаў і П. Ясінскі. Трэнерскі штаб славутага мінскага “Дынама” ўключыў экс-пастаўчаніна Аляксандра Кучарава ў асноўны склад “дынамаўцаў” на вучэбна-трэніровачны збор у Турцыі. Там наш зямляк, паўабаронца маладзёжнай зборнай Беларусі, правёў за мінчан некалькі кантрольных матчаў. Яго равеснік, абаронца Аляксандр Жарскі вярнуўся з арэнды ў Пінску ў дубль наваполацкага “Нафтана”, дзе летась у першай палове сезона быў яго капітанам.

* * *

Выязную серыю гульняў чэмпіянату Беларусі па валейболе пастаўчане завяршылі ў Гомелі паядынкамі з бліжэйшымі сваімі канкурэнтамі — камандай ГВК. Госці прыехалі туды ў дзень гульні, але  да сур’ёзнай напружанай барацьбы былі гатовыя. У самы складаны момант у трэцяй партыі пастаўчане не разгубіліся і пераламалі ход паядынку на сваю карысць, выйгралі з лікам 1:3 (19:25, 25:21, 24:26, 23:25). У паўторнай сустрэчы госці згулялі крыху слабей, болей за саперніка дапускалі памылак, асабліва маладыя валейбалісты, якія выходзілі на замены. Ключавой стала зноў трэцяя партыя, поспех у якой атрымалі гаспадары, якія змаглі ўзяць рэванш у пастаўчан за асечку ў першай сустрэчы з лікам 3:1 (25:16, 17:25, 27:25, 25:20). Аднак і адной перамогі на выездзе хапіла пастаўчанам для таго, каб датэрмінова заняць 7-ае вы­ніковае месца.

* * *

Цікавымі атрымаліся гульні пастаўчан з мацнейшай валейбольнай камандай дывізіёна В вышэйшай лігі са Жлобіна. Гаспадары не ў самым аптымальным складзе ў параўнанні з пачаткам чэмпіянату прыбавілі і далі бой грознаму саперніку. На жаль, на ход барацьбы паўплывала траўма маладога дыяганальнага Дзмітрыя Аксёненкі, і ў выніку пастаўчане саступілі лідару з лікам 0:3 (19:25, 18:25, 25:27), але іх гульня балельшчыкам спадабалася.

У паўторнай сустрэчы намаганнямі найперш капітана “Атланта-Д” Сяргея Плюты ўдалося выйграць у грознага саперніка стартавую партыю. Аднак развіць поспех  наша каманда не здолела, бо жлобінцы ўзмацнілі сваю гульню і зноў перамаглі з лікам 1:3 (25:21, 13:25, 16:25, 15:25).

Для пастаўчан сезон ужо завершаны, як і для Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь (5-ае месца), сталічнага БДУ-РЦАР (6-ае) і гомельскага ГВК (8-ае месца). З нашага дывізіёна на фінальным этапе прадоўжаць барацьбу жлобінцы (1-ае месца), баранавіцкі “Лакаматыў” (2-ое), аршанскі “Узлёт” (3-яе) і магілёўскі МВК (4-ае месца). Іх сапер­нікамі ў гульнях play-off 1/8 чэмпіянату Беларусі сталі адпаведна МАПІД (Мінск), “Марка” (Віцебск), “Легіён” (Гродзенская вобласць) і “Камунальнік” (Гродна).

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.