Сустрэча з аднакласнікамі — заўсёды радасць


Гэты здымак зроблены ў 1963 годзе. На ім наш 1 “Б” клас СШ № 2, якая ў той час размяшчалася па вуліцы Ленінскай. У цэнтры — першая настаўніца і другая наша мама Ніна Якаўлеўна Малькевіч — выдатны педагог, мудрая жанчына. У яе быў індывідуальны падыход да кожнага вучня, яна вучыла нас не толькі пісаць, чытаць, лічыць, але і любіць прыроду, выхоўвала ў духу патрыятызму.

Нам амаль па 60. Мае аднакласнікі многага дасягнулі. Ёсць сярод іх ваеннаслужачыя, інжынеры, бухгалтары, настаўнікі, прадаўцы, бібліятэкары, прадпрымальнікі і нават кандыдат навук. Наш клас быў дружным, разам мы вырашалі ўсе школьныя праблемы. Умелі падтрымаць у бядзе, а поспех, раздзелены з сябрамі, заўсёды прыносіў яшчэ большае задавальненне.

Пасля выпускнога балю нас закружыла самастойнае жыццё, з новымі знаёмствамі, вучобай, работай, вяселлямі і іншымі важнымі падзеямі. Але праз кожныя дзесяць гадоў мы з нецярпеннем чакалі маштабнай сустрэчы са школьнымі сябрамі, калі здалёк з’язджаліся аднакласнікі, каб у каторы раз успомніць вясёлыя, бесклапотныя юнацкія гады. Настальгія па мінулым стала часцей стукаць у сэрца тады, калі тэмп жыцця запаволіўся: кожны вызначыўся ў прафесіі і знайшоў сваё месца ў жыцці, выраслі дзеці і радуюць унукі, з’явілася больш вольнага часу для ўспамінаў.

Сёння ў школах пройдуць традыцыйныя сустрэчы выпускнікоў, класы гасцінна расчыняць дзверы для сваіх выхаванцаў. Найбольш будзе тых, для каго апошні званок празвінеў нядаўна. Менш актыўныя — людзі старэйшага пакалення. Наш клас у школе штогод не збіраецца, але хто жадае, прыходзіць да мяне дадому. На кожнай сустрэчы ўспамінаем нашу першую настаўніцу Ніну Якаўлеўну, якая ў жніўні гэтага года бу­дзе адзначаць 90-годдзе з дня нара­джэння, іншых педагогаў, акунаемся ў падзеі школьнага жыцця, успамінаем кур’ёзныя сітуацыі, выпускны баль і многае іншае. Буду рада сустрэчы з аднакласнікамі і сёння. Хто зможа, прыходзьце.

Наталля ГУЛЬ (МАРУШКА), г. Паставы.

Фота з сямейнага альбома аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.