Трагедыі, якіх не забыць



Усё міралюбівае чалавецтва рыхтуецца годна сустрэць 70-годдзе Вялікай Перамогі. Вызваленне і Перамога былі жыццёва неабходныя нашай Радзіме, бо ў той вайне найбольш пацярпелі славянскія народы ў складзе СССР. Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара. 186 беларускіх вёсак былі спалены разам з жыхарамі і пасля вайны не адноўлены. Сярод іх і вёска Альцы на Пастаўшчыне.

19 студзеня 1943 года, у святы дзень Хрышчэння Гасподняга, гітлераўскія карнікі і паліцаі ўварваліся ў Альцы. Яе ўраджэнец Р. З. Крукаў быў камандзірам партызанскага атрада “Грозны”. Многія яго аднавяскоўцы таксама папоўнілі рады народных мсціўцаў. Дараваць гэтага ворагі не маглі.

Дзень толькі пачынаўся, ніхто не чакаў бяды. “Расстрэл на месцы — і хата полымем пайшла”, — расказваў жыхар гэтай вёскі П. С. Арцем’еў. На шчасце, у час трагедыі Пётр Сямёнавіч быў далёка, але ў агні згарэла яго маці. У той дзень загінулі 72 жыхары, сярод іх 12 дзяцей.

Пра гэта 19 студзеня падчас экскурсіі “Вечны агонь і вечная памяць”, якая праводзілася двойчы, расказалі ў нашым школьным музеі экскурсаводы 6 “А” класа Дар’я Рамановіч, Ганна Трублоўская і Анастасія Хаўлюк. Першую экскурсію праслухалі вучні двух чацвёртых класаў (настаўніцы І. Л. Курдо і І. А. Собаль), другую — вучні 6 “А” класа (класны кіраўнік А. А. Дзісько) на занятках па курсе “Спадчына” (настаўніца Н. Ф. Семянас). Расказалі экскурсаводы і пра трагедыю Хатыні, якая напаткала жыхароў гэтай вёскі праз два месяцы пасля Альцоў.

Толькі гэтымі матэрыяламі не абмежаваліся, а ўключылі новыя звесткі пра трагедыю вёскі Ола ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці. Па колькасці расстраляных і спаленых з вёскай людзей Ола — гэта 12 Хатыняў: 1758 чалавек, сярод іх 950 дзяцей.

Ола з усіх бакоў была акружана лясамі і балотамі. Таму сюды прыходзілі людзі з наваколля, каб схавацца ад бяды, у надзеі, што немцы сюды не сунуцца. Жылі ў зямлянках, куранях, хлявах. Але бяда прыйшла. Менш чым за паўгода да вызвалення Беларусі, 14 студзеня 1944 года, Ола разам з амаль дзвюма тысячамі жыхароў перастала існаваць, паўтарыўшы лёс Альцоў і Хатыні.

Эмацыянальны матэрыял экскурсіі, у якім ахарактарызаваны жудасныя зверствы гітлераўцаў, глыбока закрануў сэрцы вучняў і настаўнікаў. Завяршала кожную экскурсію песня “Знішчыце войны і дым”, прысвечаная трагедыі Альцоў (словы Р. Н. Ластоўскай, музыка Я. Ф. Сівіцкай). Пад акампанемент Ядвігі Фабіянаўны яе выканала вучаніца 9 “А” класа Ангеліна Гарбаценка.

Я пачынала і завяршала мерапрыемства характарыстыкай трагічнай даты і зваротам да вучняў памятаць пра зверствы гітлераўцаў на нашай зямлі, выхоў­ваць у сабе павагу да пераможцаў, шанаваць воінаў і загінулых мірных жыхароў, супрацьстаяць войнам і імкнуцца захоўваць мір.

Лічу, што такія мерапрыемствы ў нашых школах трэба праводзіць часцей, каб “акіян” шоу не паглынуў “астраўкі” патрыятычнага выхавання.

Р. ЛАСТОЎСКАЯ, кіраўнік музея баявой і

 працоўнай славы СШ №2 г. Паставы. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.