“Трымайце марку і надалей”

Общество

Загадчыцы пастаўскага аддзялення кругласутачнага знаходжання ТЦСАН Юлія Сяргееўна Чалей.

20 студзеня ў райвыканкаме падвялі вынікі работы Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за 2014 год. У рабоце пасяджэння прыняў удзел намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Рауфавіч Кашапаў.

Найперш шматлікіх работнікаў ТЦСАН, якія прысутнічалі ў зале, прывітаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пётр Леанідавіч Курто. Гаворачы пра работу цэнтра ў мінулым годзе, ён падкрэсліў, што выкананы (а па большасці пунктаў і перавыкананы) усе паказчыкі, даведзеныя абласным Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама і райвыканкамам.

Пра паспяховую дзейнасць Пастаўскага ТЦСАН найлепш сведчаць лічбы. У 2014 годзе на рахунак цэнтра ад даходнай дзейнасці паступіў 1 міль­ярд 838 мільёнаў рублёў. Адлічэнні ў раённы бюджэт склалі крыху больш за 1 мільярд. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы зрасходавана 410 млн рублёў — закуплены камп’ютарная тэхніка, міні-трактар з навясным абсталяваннем, скутар, веласіпеды, мэбля, спец­адзенне і іншае. Атрымана амаль 100 мільёнаў рублёў спонсарскай дапамогі.

Гэтыя і іншыя лічбы назвала дырэктар Пастаўскага ТЦСАН Дзіяна Іванаўна Пякарская, якая выступіла перад прысутнымі з дакладам. Яна агучыла асноўныя паказчыкі работы цэнтра, расказала пра комплекс аказваемых насельніцтву паслуг і ўкараненне новых форм работы, асноўныя мерапрыемствы, праведзеныя летась, падзялілася планамі на 2015 год, падзякавала за пастаянную падтрымку абласному Камі­тэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама і райвыканкаму.

Са справаздачамі ў той дзень таксама выступілі загадчыкі шасці аддзяленняў, якія ўваходзяць у структурнае падраздзяленне цэнтра.

М. Р. Кашапаў падзякаваў усім за плённую працу і адзначыў:

— Вы ў чарговы раз пацвердзілі: Пастаўскі ТЦСАН — адзін з найлепшых у вобласці. Яго супрацоўнікі вызначаюцца прафесійнасцю і сумленнымі адносінамі да сваіх абавязкаў, умеюць здзіўляць крэатыўнасцю, новымі формамі работы. Жадаю і надалей трымаць марку і завяршыць 2015 год з яшчэ вышэйшымі паказчыкамі.

Шматлікія пажаданні выказаў прысутным работнікам сацыяльнай службы і намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. А скончылася пасяджэнне прыемнай падзеяй: М. Р. Кашапаў уручыў загадчыцы пастаўскага аддзялення кругласутачнага знаходжання Юліі Сяргееўне Чалей Падзяку міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь Марыяны Шчоткінай, якая наведала наш раён летам мінулага года і высока ацаніла работу Пастаўскага ТЦСАН.

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.