Упэўнена глядзіць у будучыню


Ва ўсе часы абарона Айчыны з’яўлялася і сёння з’яўляецца ганаровым і свяшчэнным абавязкам кожнага грамадзяніна сваёй краіны. У гэтым цвёрда ўпэўнены курсант 3-га курса Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Яўгеній Ярашэвіч.

Яўгеній родам з Пастаў, тут закончыў СШ №1. У старэйшых класах школы, як і ўсе вучні, пачаў задумвацца над тым, куды паступіць пасля яе заканчэння. Перабраў з дзясятак цывільных ВНУ і ў выніку спыніўся на Ваеннай акадэміі, факультэце проціпаветранай абароны, так патлумачыўшы свой выбар:

— Па-першае, вайсковец — гэта сапраўдная мужчынская прафесія і добрая школа жыцця. Па-другое, падчас вучобы ў акадэміі ўсе курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні і атрымліваюць стыпендыю, потым маюць стабільную работу і заработак. А са спецыяльнасцю “Эксплуатацыя радыётэхнічных сістэм” нескладана будзе знайсці працу і звольніўшыся ў запас. Прымяніць веды можна ў сферах электроннага і радыётэхнічнага забеспячэння.

Да пытання паступлення ў акадэмію юнак падышоў адказна. Асаблівую ўвагу звярнуў на такія прадметы, як матэматыка, фізіка, руская і беларуская мовы. Таксама рэгулярна пачаў наведваць трэнажорную залу і школьную спартыўную пляцоўку. І хоць меў неблагую падрыхтоўку, першыя месяцы вучобы ў ВНУ аказаліся даволі складанымі, найперш фізічна. Але паступова прывык і да вялікіх нагрузак, і да армейскага ладу жыцця ў казарме. Там пражыў першыя два гады. А летась, як і ўсе трэцякурснікі, пераехаў у інтэрнат, у якім для будучых вайскоўцаў створаны добрыя бытавыя ўмовы. У кожным пакоі ёсць нават тэлевізар.

— У акадэміі маецца ўсё для вучобы і адпачынку, — кажа Яўгеній. — Напрыклад, на нашым факультэце аўдыторыі, лабараторыі, класы і кабінеты абсталяваны найноўшымі радыётэхнічнымі і радыёэлектроннымі ўстройствамі, сродкамі аўтаматыкі і вылічальнай тэхнікі. Забяспечаны неабходнай тэхнікай і вучэбны палігон. Працуюць разнастайныя спартыўныя секцыі: лёгкай і цяжкай атлетыкі, гіравога спорту, футбола, баскетбола, валейбола, біятлона, бокса, рукапашнага бою. Займаючыся ў іх, можна атрымаць званне кандыдата ў майстры або майстра спорту. Жадаючыя наведваюць гурткі ваенна-навуковага таварыства і мастацкай самадзейнасці. Калі няма запазычанасці па вучобе, кожны дзень дазваляецца хадзіць у звальненне ў горад. А два разы ў год, зімой і летам, прадастаўляецца канікулярны водпуск працягласцю адпаведна 14 і 30 сутак з бясплатным праездам да месца яго правядзення і назад па тэрыторыі Беларусі.

Адным словам, вучыцца ў Ваеннай акадэміі Яўгенію падабаецца. Ён упэўнена глядзіць у будучыню, дзе яго чакае не толькі гарантаванае працоўнае месца, але і шэраг сацыяльных ільгот. У прыватнасці, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне ў ваенных медыцынскіх установах краіны, магчымасць атрымання льготнага крэдыту на будаўніцтва або набыццё жылля і інш. А ў наш час гэта многае значыць.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.