Варапаеўскія чыгуначнікі — у ліку прызёраў рэспубліканскага конкурса

Личности

Прадстаўнікі 16 прафесій — усяго больш за 70 чалавек — аспрэчвалі званне лепшых на традыцыйным конкурсе прафесійнага майстэрства, які праходзіў на базе сталічнай дыстанцыі пуці і Дарожнага цэнтра дыягностыкі пуцявой гаспадаркі Беларускай чыгункі. У іх ліку былі аператар дэфектаскопнай цялежкі Пётр Зубік і дарожны майстар Аляксандр Дарашчонак з Варапаеўскай дыстанцыі пуці.

Фінал конкурсу сярод аператараў праходзіў у два этапы. Тэарэтычная частка ўключала 50 пытанняў. Для адказу на іх адводзілася адна гадзіна. За такі час трэба было выканаць і два практычныя заданні: з дапамогай дэфектаскопаў вызначыць штучна створаныя дэфекты ў двух узорах рэек. З тэарэтычнай часткай лепш за іншых аператараў справіўся Пётр Зубік, а вось у практычным заданні ён крышку ўступіў калегу з Калінкавіцкай дыстанцыі пуці. У выніку заняў другое месца, удастоены адпаведнага дыплома і грашовай прэміі. Да гэтага Пётр Міхайлавіч чатыры разы станавіўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу. Быць пастаянна на вышыні, дэманстраваць высокае майстэрства дапамагае багаты вопыт.

— Аператарам дэфектаскопнай цялежкі працую трыццаць чацвёрты год, — адзначыў лепшы чыгуначнік. — І ўвесь час, як кажуць, на нагах. За змену, правяраючы стан рэек і стрэлачных пераводаў, праходжу больш за 5 кіламетраў, за месяц у сярэднім 120-130 кіламетраў. Работа падабаецца, іншай не ўяўляю.

Віншаванні ад кіраўніцтва дыстанцыі атрымаў і дарожны майстар Аляксандр Дарашчонак, які ў сваёй намінацыі стаў трэцім.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.