Вынікі падведзены, задачы пастаўлены


Вераніка Руткоўская ўручае членскі білет саюза моладзі навучэнцу групы 17/2 Пацэвічу Віталію

12 лютага ў дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці адбыўся справаздачны сход пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», на якім падведзены вынікі за мінулы год і пастаўлены задачы на бягучы, а таксама ўручаны членскія білеты саюза моладзі.

У рабоце сходу прынялі ўдзел другі сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Вераніка Руткоўская, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Канстанцінаўна Дубовік, сакратар пярвічнай арганізацыі Вераніка Харужая і старшыня вучнёўскага прафкама  Наталля Мажэйка.

Пярвічная арганізацыя ГА «БРСМ» імя Фёдара Рыгоравіча Маркава ў сельскагаспадарчым каледжы існуе амаль пятнаццаць гадоў. Сярод асноўных напрамкаў дзейнасці — прапаганда здаровага ладу жыцця, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі, патрыятычнае выхаванне, стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыццё яе творчага патэнцыялу. Арганізацыя каледжа з’яўляецца самай шматлікай у раёне. Яе колькасць складае 136 чалавек, сёлета павялічылася на 17 чалавек, якім падчас справаздачнага сходу ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны членскія білеты Саюза моладзі. З гэтай падзеяй юнакоў павіншавала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце А. К. Дубовік.

Другі сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Вераніка Руткоўская адзначыла:

— Работа ў вашай пярвічнай арганізацыі вядзецца на высокім узроўні. Асабліва прыемна, што ў Год моладзі яе колькасць павялічылася. Усе вы ведаеце, што на 42-ім з’ездзе БРСМ, які нядаўна адбыўся ў Мінску, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка акрэсліў планы, задачы і мэты, на якія па­вінна арыентавацца маладое пакаленне. Не саромейцеся дзяліцца сваімі прапановамі па ўдасканаленні работы з моладдзю — дзверы раённай арганізацыі БРСМ заўсёды адчынены для кожнага. Бу­дзем рады выслухаць, а калі атрымаецца — і ажыццявіць самыя смелыя ініцыятывы.

Са справаздачным дакладам аб дзейнасці пярвічнай арганізацыі БРСМ каледжа за 2014 год выступі­ла Вераніка Харужая. Акрэсліўшы асноўныя напрамкі дзейнасці, яна падрабязна спынілася на рабоце студэнцкіх атрадаў (у мінулым го­дзе іх было сфарміравана 10) і найбольш значных дасягненнях. Сярод іх — удзел у першым абласным фестывалі творчасці студэнцкіх атрадаў Віцебшчыны, дзе студатрад каледжа «Глорыя» заняў першае месца ў намінацыі «Відэаролік «Адзін дзень з жыцця студатрада», а ў намінацыі «Шоу талентаў» Аляксандру Макаранку прысуджана трэцяе месца. Прынеслі пастаўчанам перамогу і вынікі работы трэцяга, працоўнага, семестра, якія былі падведзены 15 снежня ў Віцебску: навучэнцы каледжа прызнаны лепшымі сярод сельскагаспадарчых атрадаў і штабоў працоўных спраў. Завяршаючы сваё выступленне, В. Харужая пажадала членам пярвічнай арганізацыі, каб і бягучы год быў напоўнены добрымі і запамінальнымі сустрэчамі, святамі і падарожжамі, цікавымі справамі, пазнавальнымі гульнямі і займальнымі конкурсамі.

Завяршылася мерапрыемства невялікім музычным канцэртам.

Тэкст і фота

Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.