Алег Адольфавіч ВАЛОДЗЬКА: «Я людзям абавязаны»


На пытанне, што для мяне Пастаўшчына, звычайна адказваю: гэта ўсё маё жыццё. І абавязкова дадаю: а самае галоўнае багацце — людзі.

Калгас імя Суворава ўзначаліў у 21 год. Пра які вопыт можна гаварыць у такім узросце? Але тады я адчуваў, што падтрымаюць. І не памыліўся. Кіраў­ніцкаму майстэрству, адказнасці і жыццёвай мудрасці вучылі А. В. Бульбяноў, А. Ц. Украінец, І. Г. Хрол, С. В. Якімовіч, А. Д. Лабоўкін, А. П. Маісееў. Глыбокі след у маім сэрцы пакінулі будаўнікі-прафесіяналы Я. І. Чарэнка і І. С. Далецкі. Сапраўднымі настаўнікамі былі кіраўнікі раённага ўзроўню А. Я. Федарэнка, Я. І. Фёдараў, В. А. Клачкова, а таксама абласнога — С. М. Шабашоў, У. В. Грыгор’еў, У. П. Кулакоў. Меў шчасце некалькі разоў бачыцца з П. М. Машэравым, і кожная сустрэча давала новы імпульс да актыўных дзеянняў.

І я дзейнічаў. А дарог жыццёвых, як вядома, абсалютна гладкіх не бывае, асабіста мая — цярністая. Кажу шчыра: усім, чаго дасягнуў і якія званні і ўзнагароды атрымліваў, я людзям абавязаны. Было вялікае жаданне старацца для вяскоўцаў. Калі на пачатку майго старшынёўства гаспадарка лічылася сярэдняй, то з часам яна паступова ўзбуйнялася. Таму, каб з самай аддаленай вёскі да цэнтральнай ся­дзібы і стары і малы мог спакойна дабрацца, будавалі дарогі. Далей — болей. Хацелася аблегчыць працу ­калгаснікаў, стварыць умовы для адпачынку. Пры гэтым нічога звышнатуральнага я не прыдумваў, а паўтараў тое, што ў свеце было раней створана. Я і цяпер яшчэ пад уражаннем таго, што жыў менавіта тады і што мне ўдавалася прывозіць у раён перадавыя тэхналогіі, развіваць новую вытворчасць. Узводзіліся жыллё, фермы, аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння. Мы станавіліся лідарамі.

Асобная старонка ў біяграфіі гаспадаркі — кадравы патэнцыял. Стварылі належныя ўмовы, а людзям якраз гэта і трэба было: да нас на пастаяннае месца жыхарства прыязджалі з усіх куткоў рэспублікі і нават СССР. Адказныя пасады займалі граматныя спецыялісты, і радавыя выканаўцы сумленна і аддана выконвалі свае абавязкі. Сёння яны — бабулі і дзядулі, а іх справу працягваюць нашчадкі. Хочацца пажадаць маладым, каб клапаціліся пра дзень заўтрашні. Увогуле, каб чаго дасягнуць, трэба працаваць. Працаваць так, каб і пасля цябе гаспадарка рухалася наперад, развівалася.

Працягваючы тэму, не магу не сказаць пра кіраўніка Пастаўскага мэблевага цэнтра. З Анатолем Міхайлавічам Бабічавым я не супрацоўнічаў, але яго прозвішча ў раёне на слыху. Пачынаючы з малога, ён дасягнуў вялікага — стварыў сапраўдную індустрыю па дрэваапрацоўцы, і гэта пахвальна. Вытворчасць пастаянна ўдасканальваецца, таму што там ёсць гаспадар, зацікаўлены ў тым, каб пераняць і ўкараніць на прадпрыемстве ўсё сучаснае і перадавое. Меў ён справу і да выхавання юных пастаўчан — у футбольнай акадэміі ПМЦ займалася больш за паўтары сотні хлопчыкаў, і за гэта я кажу яму «дзякуй». Упэўнены: вялікімі футбалістамі маглі стаць не ўсе з іх, а вось на прадпрыемства ў свой час прыйшлі б. Шкада, што эканоміка зрабіла такі паварот, які не дазволіў прадпрыемству выдаткоўваць вялікія сродкі на акадэмію.

У гэтай сувязі ўспамінаю пра моладзь, якая некалі займалася ў нашым аэраклубе. Сёння я дакладна ведаю, што 11 чалавек сталі прафесійнымі пілотамі. Ды і астатнія па жыцці пайшлі ўпэўнена і смела, пра што яны мне пішуць да апошняга часу. З удзячнасцю адгукаюцца пра нашу, “сувораўскую”, школу выхавання і былыя студ­атрадаўцы — а яны шмат пабудоў узвялі ў нас. І гэта мяне радуе.

А. ВАЛОДЗЬКА, былы старшыня калгаса імя Суворава. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.