Заўсёды былі рады гасцям


Нарадзіўся на Пастаўшчыне і тут жыву. Папрацаваць давялося на розных участках вытворчасці. Здаецца, найбольш сіл уклаў у мадэрнізацыю малочнага завода, калі быў там дырэктарам. І калі ў пачатку 2004 года прапанавалі перайсці на пасаду першага намесніка старшыні райвыканкама, згадзіўся без энтузіязму. А праз паўгода новае назначэнне — старшынёй райвыканкама. Падтрымліваў традыцыі, закладзеныя мінулымі кіраўнікамі, рабіў усё для таго, каб пра наш раён ведалі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Таму, калі паступалі прапановы на правядзенне якіх-небудзь семінараў, ад слова згаджаўся. Рыхтавацца да іх было адказна і клопатна, але стараліся, каб не сорамна было прымаць гасцей. Семінары, выязныя калегіі і пасяджэнні праводзіліся на аб’ектах гандлю, аховы здароўя, сацыяльнай сферы, культуры.

У 2006 годзе ў раёне прахо­дзіла рэспубліканскае свята пісьменства. Затым мы былі ўдастоены права прыняць ­удзельнікаў абласных “Дажынак”. Да нас часта наведваліся міністры розных сфер дзейнасці, іх намеснікі. Вялікую дапамогу, напрыклад у падрыхтоўцы горада да Дня пісьменства, аказалі Аляксандр Ільіч Селязнёў, які на той час быў міністрам архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, Лілія Станіславаўна Ананіч, Ула­дзімір Віктаравіч Амарын (тагачасныя намеснікі мініст­раў інфармацыі і фінансаў). Былі абноўлены фасады будынкаў, заасфальтаваны многія вуліцы, укладзена плітка на тратуарах, рэканструяваны будынкі суда, пракуратуры, бара “Лагуна”, ЗАГСа. А як змяніўся раённы Дом культуры! І цяпер не сорамна прымаць у ім розных артыстаў. Пастаянна знаходзіў разуменне і падтрымку ад Аляксандра Мікалаевіча Косінца (на той час віцэ-прэм’ер), Уладзіміра Пятровіча Андрэйчанкі і Пятра Уладзіміравіча Южыка (адпаведна старшыня і намеснік старшыні аблвыканкама).

Пры мінімальных затратах бюджэтных сродкаў мадэрнізавалі многія перапрацоўчыя цэхі райспажыўтаварыства, добра­ўпарадкоўвалі горад. Падключаў да работы кіраўнікоў і калектывы арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў. На гэта ішлі і грошы, заробленыя на суботніках. Усялякімі спосабамі прываблівалі турыстаў. Былі распрацаваны турыстычны маршрут “Край азёр, касцёлаў і паркаў”, праект навагодніх забаў пад назвай “Зюзя Паазерскі”. У 2007 годзе распачало сваю работу раённае тэлебачанне.

Адзін год паўстала пытанне аб тым, каб фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” праводзіць праз год. Прыйшлося выйсці на міністра культуры Уладзіміра Фёдаравіча Матвейчука, і ён падтрымаў наша імкненне ладзіць свята штогод. Райвыканкам сумесна з рэгіянальным грамадскім фондам «Аве Мария» народнай артысткі Расіі Лідзіі Абрамавай (ураджэнка Пастаў) быў заснавальнікам Міжнароднага дзіцячага конкурсу юных вакалістаў «Bella voce».

Вялікая заслуга ў арганізацыі і правядзенні ўсіх мерапрыемстваў майго намесніка Алы Эдмундаўны Кейзік. Яна мела вельмі высокія арганізатарскія здольнасці, настойлівасць, умела знайсці падыход да кожнага, ад каго залежала вырашэнне таго ці іншага пытання. Увогуле, з усімі кіраўнікамі працавалася лёгка, і я шчыра ўдзячны ім за падтрымку. Ва ўсё, што было зроблена ў раёне за чатыры гады майго кіраўніцтва, ёсць уклад і іх, і большасці жыхароў. Людзі адзін перад адным імкнуліся падтрымліваць парадак у сваіх дварах і на вуліцах, садзілі кветкі, прыдумвалі розныя ўпрыгажэнні. Разам мы клапаціліся пра тое, каб наш раён быў найлепшым.

Э. КАЗУРА,

старшыня райвыканкама з 2004 па 2008 год.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.