Задавалі пытанні, уносілі прапановы

Местная власть

Трэцяга лютага ў малой зале пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта «прамую тэлефонную лінію»  і асабісты прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шаркаўшчынскай выбарчай акрузе № 29 Мечыслаў Віктаравіч Морхат. За чатыры гадзіны да яго звярнуліся адзінаццаць чалавек.

Тых, хто дазваніўся на «прамую лінію», цікавілі пытанні выкарыстання чэкаў «Жыллё», асвятлення населеных пунктаў, бягучага рамонту дарог, выплаты дапамогі на дзяцей і магчымасці індэксацыі банкаўскіх укладаў у беларускіх рублях, зробленых да 2008 года. А вось васьмідзесяці­гадовая жыхарка райцэнтра патэлефанавала, каб падзякаваць дэпутату за садзейнічанне ў вырашэнні пытання адпампоўкі вады (з гэтай праблемай яна звярталася да Мечыслава Віктаравіча падчас яго мінулага візіту ў Паставы). Наступны жыхар райцэнтра захацеў пагаварыць з дэпутатам асабіста, без прысутнасці трэціх асоб. Зрэшты, сутнасць свайго пытання мужчына агучыў — яно пра працаўладкаванне.

Яшчэ дваіх наведвальнікаў, якія прыйшлі на прыём, цікавіла пытанне налічэння пенсій. Прычым у абодвух выпадках гаворка ішла не пра асабістую крыўду або прэтэнзіі да раённага ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, дзе яны налічваліся, а ўносіліся канкрэтныя прапановы. Пенсіянеры прасілі вынесці іх на разгляд у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, паколькі гэта не адзінкавыя выпадкі і датычацца многіх жыхароў краіны.

Жыхарка вёскі Іёдаўцы скар­дзілася на дрэнную якасць устаноўкі аўтобуснага прыпынку. Акрамя гэтага, жанчыну цікавіла пытанне, калі будзе прыняты закон аб дармаедстве.

Яшчэ адзін наведвальнік звярнуўся да М. В. Морхата ад імя жыхароў вёскі Норыца, якія жадаюць вырошчваць свіней. Справа ў тым, што, у адпаведнасці з ветэрынарна-санітарнымі праві­ламі, грамадзянам, якія пражываюць у радыусе не менш за два кіламетры ад свінагадоўчых комплексаў праектнай магутнасцю да 12 тысяч галоў, забаронена трымаць гэтую скаціну. Як сцвярджаў чалавек, адлегласць ад Дунілавіцкага свінагадоўчага комплексу да паказальніка з назвай вёскі Норыца — адзін кіламетр девяцьсот дзевяноста чатыры метры. Аднак працягласць населенага пункта вялікая і, па сутнасці, практычна ўсе жылыя дамы, уладальнікі якіх хочуць разводзіць свіней, знаходзяцца нават не за два, а за тры кіламетры ад свінагадоўчага комплексу. Людзі просяць перагле­дзець мяжу двухкіламетровай зоны і адмяраць яе не да паказальніка, а, напрыклад, да жылых пабудоў. Удасца гэта зрабіць ці не — пакуль гаварыць рана. Дэпутат параіў раённай уладзе звярнуцца з гэтай прапановай у вышэйстаячыя інстанцыі.

Па большасці пытанняў, якія паступілі да М. В. Морхата, тлумачэнні давалі кіраўнікі адпаведных раённых службаў, якія прысутнічалі на «прамой тэлефоннай лініі» і асабістым прыёме. Па астатніх будуць накіраваны запыты і дадзены пісьмовыя адказы.

Тэкст і фота

Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.