22 сакавіка адбыўся традыцыйны фестываль эстраднай песні “Пастаўскія зоркі і зорачкі” (+фота)

Культура

22 сакавіка, у наш горад канчаткова прыйшла вясна. Пра гэта абвясцілі звонкія галасы юных талентаў, якія з’ехаліся з усіх куточкаў Пастаўшчыны ў раённы Дом культуры на традыцыйны фестываль эстраднай песні “Пастаўскія зоркі”.

Гэта свята песні ладзіцца ў райцэнтры ўжо больш за два дзесяцігоддзі і ў многіх пастаўчан асацыіруецца менавіта з надыходам вясны, несучы з сабой сонечныя ўсмешкі і цудоўны настрой. Спачатку ўдзельнікамі фестывалю былі дарослыя выканаўцы. Але з цягам часу ён усё больш “маладзеў”, паколькі выйсці на галоўную конкурсную сцэну раёна жадалі і юныя, у тым ліку зусім маленькія, спевакі. Таму было прынята рашэнне праводзіць два аднайменныя фестывалі — дарослы і дзіцячы, якія пару гадоў назад аб’ядналі ў адзін. Толькі якія б трансфармацыі ні адбываліся з “зоркамі”, нязменнымі засталіся час іх правядзення — сакавік — і шчырая любоў гледачоў. Вось і сёлета стаць сведкамі запальвання на песенным небасхіле Пастаўшчыны новых яркіх зорачак пажадалі сотні гараджан і жыхароў раёна, многія прыехалі падтрымаць канкурсантаў цэлымі сем’ямі.

Адкрыў фестывальную праграму танцавальны калектыў раённага Дома культуры, які адразу ж зарадзіў залу сваёй энергетыкай і настроіў гледачоў на патрэбную хвалю. Ну а затым сцэнай завалодалі канкурсанты. Іх сёлета было каля 40, і ўсіх арганізатары падзялілі на тры ўзроставыя катэгорыі: 6—9, 10—13 і 14—26 гадоў. У кожнай журы — а ў яго склад уваходзілі дырэктар і мастацкі кіраўнік РДК А. Б. Чарнюк і А. В. Слядзеўская, выкладчыца Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, салістка ансамбля “Паазер’е” Ж. В. Гучык, саліст народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” П. У. Кароль, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” І. А. Каралёва і аўтар гэтых радкоў — трэба было выбраць лепшых.

Адразу скажу, што гэта задача аказалася не з лёгкіх, бо канкурсанты пастараліся максімальна праявіць сябе, уразіць гледачоў яркімі касцюмамі, арыгінальнай манерай выканання, пастаноўкай нумара, вакальнымі данымі. Многія ўдумліва падышлі да выбару песень. Побач з вясёлымі танцавальнымі кампазіцыямі ў папулярным стылі (іх выконвалі ў асноўным малышы) прагучалі такія сур’ёзныя творы, як “Балада пра салдата”, “Хатынь”, “Белы танец”. Некаторыя ўдзельнікі вырашылі здзівіць публіку песнямі на беларускай і нямецкай мовах, у стылі амерыканскага кантры і джаза, а адзін з іх нават выканаў рэп, які сам жа і напісаў.

У выніку прызёрамі конкурсу было пры­знана як ніколі шмат спевакоў. У малодшай узроставай катэгорыі імі сталі салістка вакальна-эстраднай студыі “Аніма” Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў Аня Насевіч (трэцяе месца), самая юная ўдзельніца конкурсу — 6-гадовая навучэнка Навасёлкаўскай ДШМ Злата Лібоза, якая раздзяліла другое месца з салісткай тэатра песні СШ №5 Алінай Дзіковіч, салістка студыі эстраднага вакалу раённага цэнтра дзяцей і моладзі Паліна Квяткоўская і вакальная група “Кропелькі” цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна (яны занялі першыя месцы).

У катэгорыі 10—13 гадоў трэцяе месца дасталася выхаванцы “Анімы” Крысціне Багушэвіч і салістцы студыі эстраднага вакалу РЦДМ Дзіяне Дунец. На другім месцы салістка вакальнай студыі цэнтра культуры і народнай творчасці Кацярына Жук і вучань СШ №3 Дзмітрый Дзявятнікаў. На першым — яшчэ адна выхаванка “Анімы” Ірына Іршонак і вакальная група “Фантазія” ўсё таго ж раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Яшчэ больш прызёраў журы выбрала ў самай вялікай па колькасці ўдзельнікаў старэйшай узроставай катэгорыі — сярод 14—26-гадовых выканаўцаў. Трэцяе месца тут раздзялілі ажно чатыры чалавекі: салісткі вакальна-эстраднай студыі “Аніма” Варапаеўскай ДШМ Аляксандра Мышко і Аляксандра Баршчэўская, эстраднай студыі Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры — Анастасія Вырвіч і работнік ААТ “Паставымэбля” Дзмітрый Ракоўскі. Другое месца прысуджана салістцы вакальнай студыі цэнтра культуры і народнай творчасці Дар’і Румянцавай. А першае — зноў чатыром удзельнікам: салістам вакальнай студыі памянёнага вышэй цэнтра Дзянісу Круглову і Дар’і Гагалінскай, вучаніцы СШ №2 Ганне Бекіш і работніцы філіяла РВУ “Паставырайгаз” Ліліі Ракоўскай.

Усе пераможцы атрымалі адпаведныя дыпломы. Імі ж узнагароджаны і астатнія канкурсанты. Акрамя таго, свае дыпломы сёлета падрыхтаваў раённы камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Іна Каралёва містарам і міс глядацкіх сімпатый назвала Дзмітрыя Дзявятнікава і Паліну Квяткоўскую. Дыплом за самы яркі вобраз атрымала Кацярына Жук. Самым эмацыянальным прызнана выступленне Ліліі Ракоўскай, а самым крэатыўным — дуэт вучаніц СШ №3 Кацярыны Мацюшонак і Луізы Дунец.

Прыхільнікаў эстраднай песні ў той дзень парадавалі выступленнем не толькі канкурсанты, але і пераможцы мінулагодніх фестываляў “Пастаўскія зоркі” і “Пастаўская зорачка”. Пакуль журы раілася і выносіла свой вердыкт, на сцэне “запальвалі” Кацярына Турла, Марыя Сеганкевіч, Крысціна Клянтак, Мікіта Аўгусціновіч, Кацярына Пякарская, Марыя Лібоза, а таксама танцавальны калектыў РЦДМ “Скай-дэнс”.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.