Беспрацоўных паболела


У студзені бягучага года ў аддзел занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Пастаўскага райвыканкама звярнулася 149 чалавек, каб зарэгістравацца ў якасці беспрацоўных. Атрымалі гэты статус 125 суіскальнікаў, у тым ліку 17 чалавек, якія не працуюць працяглы час. Астатнія пастаўлены на ўлік як асобы, якія звярнуліся па садзейнічанне ў працаўладкаванні.

На ўліку ў аддзеле занятасці насельніцтва на 01.02.2015 знаходзілася 226 чалавек, з іх — 197 беспрацоўных. Дапамога ў памеры 218258 беларускіх рублёў выплачвалася 91 чалавеку. У параўнанні са снежнем 2014 года ў студзені ў райцэнтры колькасць жадаючых зарэгістравацца ў якасці беспрацоўных узрасла больш чым у паўтара раза. Сацыяльны партрэт беспрацоўнага сёння — мужчына ва ўзросце ад 31 да 49 гадоў з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй.

Такое прыкметнае ажыўленне на рынку працы не магло не адбіцца на суадносінах колькасці вакансій і суіскальнікаў работы. Калі год таму на адну вакансію прэтэндавалі 1,9 чалавека, то цяпер гэта лічба ўзрасла да 5,1 чалавека на месца. 76,3% заявак — вакансіі для ўладальнікаў рабочых прафесій, прычым больш чым палова — для мужчын.

У мінулым годзе былі запатрабаваны такія спецыялісты, як станочнікі дрэваапрацоўчых станкоў, вадзіцелі катэгорый «Д» і «Е», трактарысты, а таксама рабочыя на асноўную вытворчасць льнозавода.

Пры жаданні любы беспрацоўны можа знайсці сабе прымяненне ў новай сферы дзейнасці: аддзел занятасці насельніцтва рэгулярна праводзіць падрыхтоўку з выездам за межы раёна па такіх прафесіях, як арматуршчык, бетоншчык, вальшчык лесу, вадзіцель катэгорый «Д», «Е», вадзіцель пагрузчыка, страхар, цырульнік, машыніст крана, маляр, пячнік, аператар кацельных установак, стропальшчык, слесар-сантэхнік, маляр-тынкоўшчык і абліцоўшчык-плітачнік і іншых пад заключэнне дагавораў з прадпрыемствамі і арганізацыямі аб далейшым працаўладкаванні.

Навучанне вядзецца і на базе аддзялення падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Пастаўскага дзяржаўнага прафе­сійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці. У гэтым месяцы тут набралі групу па падрыхтоўцы трактарыстаў-машыністаў катэгорыі «А». З усімі слухачамі будуць заключаны дагаворы аб далейшым працаўладкаванні на прадпрыемствы раёна.

Перыяд падрыхтоўкі беспрацоўных на дзённай форме навучання залічваецца ў стаж работы, падчас навучання выплачваецца стыпендыя. Усе расходы на падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі ўстанове адукацыі пакрывае аддзел занятасці насельніцтва.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.