Добры спецыяліст і клапатлівая мама


Гэту сімпатычную маладую жанчыну ведаюць у твар многія кліенты разлікова-касавага цэнтра №17 ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Паставы. Яно і не дзіўна: Наталля Якубовіч працуе тут з 2003 года. У аграпрамбанк уладкавалася адразу пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, дзе атрымала спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт у банках”. Паўтара года загадвала касай, затым пайшла ў дэкрэтны водпуск. А вярнулася ўжо ў аддзел разлікаў, які неўзабаве перайменавалі ў аддзел банкаўскага абслугоўвання кліентаў. Некаторы час з’яўлялася яго начальнікам, потым перавялі намеснікам начальніка аддзела рознічных паслуг. Калі ж у другі раз пайшла ў дэкрэт, гэту пасаду скарацілі, і цяпер Наталля — галоўны спецыяліст па рабоце з банкаўскімі плацёжнымі картачкамі названага вышэй аддзела.

— Асноўнае, чым я займаюся, — гэта крэдытаванне фізічных асоб, — расказвала Н. П. Якубовіч. — Прымаю ў іх пакеты дакументаў, правяраю і ўношу даныя ў праграмна-тэхнічны комплекс. Таксама знаёмлю кліентаў з умовамі крэдытавання і праектам крэдытнага дагавора. Акрамя таго, адкрываю карт-рахункі фізасобам і выдаю ім картачкі, разам з інкасатарамі загружаю банкаматы. Адным словам, работа разнастайная і цікавая, грунтуецца на пастаянных зносінах з людзьмі.

А людзі, як вядома, бываюць розныя, са сваімі амбіцыямі і характарамі, узроўнем эканамічнай адукаванасці. Некаторым з іх даводзіцца ў два разы даўжэй тлумачыць той ці іншы момант. Напрыклад, як налічваюцца працэнты па крэдыце. Нярэдка ўзнікаюць пытанні і па карыстанні картачкай. Тут трэба быць цярплівай і ветлівай з усімі кліентамі. Наталлі гэта ўдаецца. Пра яе добра адзываецца не толькі кіраўніцтва разлікова-касавага цэнтра, але і тыя, хто абслугоўваецца ў “Белаграпрамбанку”.

А яшчэ Т. П. Якубоўская — цудоўная мама двух хлопчыкаў 9 і 3 гадоў, любімая і любячая дачка і жонка. Блізкія з разуменнем ставяцца да яе занятасці на рабоце, якая часам вымушае затрымлівацца і пасля заканчэння рабочага дня, стараюцца ва ўсім падтрымаць. Наталля ж у сваю чаргу імкнецца як мага больш часу праводзіць з сям’ёй, занатаваць з дапамогай фотакамеры кожны момант жыцця сыноў, парадаваць іх і мужа, прыгатаваўшы нешта смачненькае.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.