Галоўнае — любіць работу


35 гадоў таму 6 сака­віка ў калектыў Варапаеўскай раённай бальніцы прыйшла мала­дзенькая медсястра Ала Татарчук. Вельмі хвалявалася: за плячыма вучоба ў Аршанскім медвучылішчы, а вопыт — толькі з практычных заняткаў.

Тым не менш абавязкі засвоіла хутка і дакладна, а пацыенты заўсёды былі рады, калі яна выконвала назначаныя ўрачом працэдуры. Яшчэ лячыла прыветнай усмешкай, супакойвала добрым словам, лагодным дотыкам рукі.

Ала Казіміраўна ўспамінае першыя гады работы і сама не верыць, што медыцыне прысвечана ўсё жыццё. “Дзяцей дапамагала выхоў­ваць свякроў Марыя Іванаўна, — расказвала А. К. Татарчук. — І жартам называла мяне мачахай, бо я шмат часу праводзіла ў бальніцы. А нярэдка і з дому спяшалася аказаць першую дапамогу суседзям, знаёмым”.

Медыцынская сястра — правая рука ўрача. Хоць яна не робіць назначэнняў, але выконвае розныя дыягнастычныя і лячэбныя працэдуры: мерае тэмпературу, робіць унутрымышачныя і ўнутрывенныя ін’екцыі, прышчэпкі, забяспечвае ўсебаковы догляд пацыентаў. І цяпер няма такіх вен, у якія б з першага разу не трапіла іголка ў руках медсястры, няма такіх працэдур, якія б бездакорна не выканала А. К. Татарчук. Хворыя адчуваюць упэўненасць, з якой яна робіць неабходныя маніпуляцыі. Ала Казіміраўна прайшла шлях ад простай паставой медсястры да старшай. Потым уступіла гэта месца маладзейшым.

— З людзьмі заўсёды працаваць няпроста, — гаварыла жанчына. — З хворымі — у некалькі разоў цяжэй. Бачыць пакуты — гэта так балюча эмацыянальна. Самая большая радасць, калі чалавек ідзе на папраўку, выпісваецца дадому — значыць старанні медыкаў былі недарэмнымі. За змену стамляешся, але на душы прыемна ад таго, што дапамог іншаму.

— Заўсёды ветлівая з пацыентамі. Імкнецца растлумачыць назначэнні ўрача, супакоіць і падтрымаць, — так характарызавала медсястру загадчыца Варапаеўскай раённай бальніцы Валянціна Іванаўна Гінько. —  А яшчэ адказвае за дакументацыю, кантралюе санітарна-гігіенічны стан памяшканняў, аказвае пасільную псіхалагічную дапамогу хворым, вучыць маладых спецыя­лістаў. Адказная, добрасумленная ў любой справе, абдумана і ўважліва адносіцца да ўсяго даручанага. Ва ўсіх, хто ведае Алу Казіміраўну, яна карыстаецца заслужанымі павагай і аўтарытэтам. Яе сэрца шчодрае на дабрыню. Асабліва гэта бачна, калі медсястра працуе ў аддзяленні, у якім устаноўлены сацыяльныя ложкі.

— Старыя людзі — крыніца мудрасці, скарбонка карысных парад, — гаварыла Ала Казіміраўна. — Іх заўсёды цікава паслухаць, яны жывыя сведкі гісторыі. Да мяне яны адносяцца як да дачкі. І я ведаю іх звычкі, характары, пазнаю па паходцы. У нас выдатны калектыў, мы разумеем адно аднаго з паўслова, таму і працуем зладжана. За мінулы год калектыў Варапаеўскай раённай бальніцы прызнаны лепшым сярод медустаноў раёна. Жыццё бывае поўным тады, калі любіш сваю работу, кожны раз ідзеш на яе з задавальненнем. Тады і настрой цудоўны, і сіл на ўсё хапае.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.