Горкі мёд

2018-2020 год — Год малой радзімы

Пчалярства — справа турботная, патрабуе шмат старання, акуратнасці, ведаў, зацікаўленасці і нават дабрыні. Таму здаўна пчаляроў паважалі, дзівіліся іх дару прывучыць руплівую пчалу прыносіць ношку на новыя пасекі ў свае вуллі. Многія і ў наш час жывуць на пасеках, бо пчолы патрабуюць пастаяннай увагі свайго гаспадара, які заўсёды моцна перажывае, калі бяда напаткае яго крылатае сямейства.

У шоку быў жыхар адной з вёсак раёна, калі познім лістападаўскім вечарам яму патэлефанавалі і паведамілі, што на яго перасоўнай пасецы “пагаспадарыў” злодзей. Адразу ж памчаў на месца, дзе і ўбачыў у прыцемках сумную карціну. Усе дэталі раскрыліся паступова. Злодзеем аказаўся мясцовы жыхар. Так атрымалася, што не склалася ў маладога чалавека ні сямейнае, ні асабістае жыццё. На Пастаўшчыну прыехаў з Міншчыны, прытулак знайшоў у адной з аддаленых вёсак. Зарабляў пераважна на часовых работах, у сезон збіраў грыбы і ягады. Неяк на ўскрайку лесу заўважыў пчаліныя вуллі на нізенькіх аўтаплатформах. Пачаў вывучаць абстаноўку больш дэталёва, нават план мясцовасці зрабіў. Пра­лічыў падыходы, шляхі адыходу, час і пару для здзяйснення запланаванага злачынства. Калі пачало змяркацца, паехаў на веласіпедзе на пасеку, прыхапіўшы з сабой два мяхі з-пад бульбы і ліхтарык. Адразу крыху расчараваўся, бо многія вуллі былі пустыя. Але ўсё ж знайшоў тое, што шукаў: за якіх паўгадзіны здабычай сталі 14,5 кілаграма мёду з вашчынай у 14 паўрамках і трох рамках (пчаляры ведаюць, што гэта такое, а для іншых скажу, што агульны ўрон склаў амаль мільён рублёў). Згрузіўшы мяхі на веласіпед, злодзей накіраваўся лясной дарогай дадому.

Далёка адысці не паспеў. Якраз у гэты час дзяржаўныя лясныя ўгоддзі патруляваў егер. Вядома ж, яго зацікавіла, што ў такую пару робіць чалавек у лесе і што вязе. Праверылі мяхі — і ўсё стала зразумела. Адразу выклікалі супрацоўнікаў міліцыі і гаспадара. На месцы здарэння і ў ходзе дасудовай вытворчасці былі складзены адпаведныя пратаколы, акты ўзважвання ўкрадзенага, праведзены таваразнаўчыя экспертызы. У судзе кошт укра­дзенай маёмасці, заяўленыя пацярпелым іскавыя патрабаванні не аспрэчваліся. Асуджаны сваю віну ­поўнасцю прызнаў, згадзіўся на спагнанне на карысць пацярпелага ўказанай у пададзеным ім грамадзянскім іску сумы.

З улікам усіх матэрыялаў справы дзеянні абвінавачанага былі кваліфікаваны па частцы 1 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і асуджанаму прызначана пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, а таксама спагнанне матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 5 мільёнаў рублёў.

Асуджаны так тлумачыў свае паводзіны: “Няшчасны, бо ні кала ні двара, і працы не маю, да таго ж захварэў, таму і мёд спатрэбіўся”.

Ды надта ж горкім ён аказаўся… Затое навука як самому “хвораму” на зладзейства, так і іншым, хто падумвае пажывіцца чужым дабром.

Н. ЖУКАВА, суддзя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.