Класічная музыка зачаравала

Культура

23 лютага ў нашай краіне стартавала рэспубліканская грамадска-культурная акцыя “Мы беларусы — мірныя людзі”. На працягу некалькіх месяцаў у аграгарадках, райцэнтрах і буйных гарадах краіны пройдуць канцэрты з удзелам прафесійных і сама­дзейных артыстаў. Такая творчая  сустрэча адбылася і ў Доме культуры па вуліцы Станкевіча ў Паставах.

У госці да гараджан завітаў сімфанічны аркестр Віцебскай абласной філармоніі. Правядзенне грамадска-культурнай акцыі ў нашым райцэнтры супала з Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і надало мерапрыемству асаблівую ўрачыстасць. Па-сапраўднаму веснавым, сонечным выдалася і над­вор’е. Такая ж атмасфера панавала і ў зале, дзе сабраліся прафесійныя музыкі і аматары сімфанічнага мастацтва, школьнікі, работнікі шэрага прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

Дэбютны канцэрт сімфанічнага аркестра Віцебскай абласной філармоніі адбыўся ў чэрвені 2012 года і стаў выключнай па­дзеяй у культурным жыцці паўночнай сталіцы. З таго часу калектыў, аснову якога складаюць выпускнікі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа, значна абнавіў рэпертуар і пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Уладзіміра Бяляўскага  адкрывае слухачам найбагацейшы свет музыкі. З вялікім задавальненнем з яго творчасцю пазнаёміліся і пастаўчане.

Канцэртная праграма аркестра была складзена з твораў папулярнай сімфанічнай класікі ХІХ—ХХ стагоддзяў, якія найбольш зразумелыя людзям і ў пэўным сэнсе з’яўляюцца эталонамі класічнай музыкі. Зачароў­валі фрагменты са знакамітых “Шчаўкунка” і “Лебядзінага возера” П. Чайкоўскага, “Славянскі танец №8” А. Дворжака, “Венгерскі танец №5”  І. Брамса, музычныя ілюстрацыі да твораў іншых сусветна вядомых кампазітараў. Гледачы не шкадавалі апладысментаў. “З такой музыкай і такімі выканаўцамі жыццё падаецца больш радасным, а ўсе цяжкасці адступаюць на другі план”, —  падкрэслівалі многія.

—  Галоўная мэта рэспубліканскай  акцыі — яшчэ больш згуртаваць народ, садзейнічаць умацаванню эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве, — адзначыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І. Ф. Лойка. — Лічу, што сімфанічны аркестр з гэтай задачай справіўся.  Яго выступленне для соцень жыхароў нашага горада стала не толькі важнай палітычнай, але і культурнай падзеяй, адкрыццём творчага калектыву, які ўпершыню выступаў на Пастаўшчыне. Спадзяёмся, што і ў далейшым ён парадуе нашых аматараў музыкі новымі творамі.

Тэкст і фота  Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.