На буйнейшай кацельні


Аператары У. Л. Грышанаў і Т. П. Фёдарава разам са старшым майстрам кацельні «Паставы-1» В. С. Балобанам (у цэнтры).

Адна з асноўных задач камунальнікаў — бесперабойная і безаварыйная падача цяпла і гарачай вады ў дамы і на аб’екты райцэнтра і сельскай мясцовасці. У склад цеплавой гаспадаркі раёна ўваходзяць 26 кацельняў і каля ста кіламетраў цеплавых сетак. Сюды ж адносіцца і ўчастак па нарыхтоўцы мясцовых відаў паліва.

Усе гарадскія кацельні, акрамя адной, працуюць на газе і мясцовых відах паліва (дровах і шчапе). Гэта дазваляе значна скараціць выкарыстанне прыроднага газу. За год прадпрыемства спальвае 27 тысяч шчыльных кубоў дроў — адзін такі куб роўны тром насыпным — і 20 тысяч шчыльных кубоў шчапы. Іх нарыхтоўкай прадпрыемства займаецца круглы год. Эканоміць дазваляе і штогадовая замена цеплавых сетак, праўда, у гэтым выпадку эканомія адбываецца за кошт зніжэння цепластрат. У мінулым годзе заменена дзесяць з паловай тысяч кіламетраў цепласетак, яшчэ дзесяць плануецца замяніць сёлета.

Адна з самых буйных кацельняў горада — «Паставы-1». Яна забяспечвае цяплом і гарачай вадой Юбілейную і бліжэйшыя вуліцы. Калі дваццаць гадоў таму прадпрыемства «Жыллёва-камунальная гаспадарка» прымала яе на свой баланс, кацельня знаходзілася ў вельмі дрэнным стане, патрабавала вялікіх капіталаўкладанняў. Паступова тут з’явілася сучаснае абсталяванне, а ў 2004 годзе кацельню перавялі на газ. Яшчэ праз сем гадоў у рамках дзяржаўнай праграмы па выкарыстанні мясцовых відаў паліва тут з’явіўся кацёл, які працуе на шчапе. У раёне ён ­адзіны ў сваім родзе, паколькі ў адрозненне ад астатніх выкарыстоўваецца не толькі для падагрэву вады, але і для падачы цяпла.

Працуе кацёл у аўтаматычным рэжыме. Па дзвюхтрубцы прыгатаваная вада паступае на цэнтральны цеплавы пункт, які знаходзіцца на вуліцы Юбілейнай, і ўжо там размяркоўваецца на ацяпленне і гарачую ваду, якія прыходзяць у дамы гараджан і ствараюць звыклы камфорт.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.