На дапамогу прыйдуць тэрмінова

Общество

Эдгард Ігнатанс, Аляксандр Танана і Алег Вярцінскі — рабочыя Варапаеўскага аддзялення тэрміновага абслугоўвання насельніцтва раённага тэрытарыяльнага цэнтра — накіроў­валіся да адзінокай пажылой жанчыны пілаваць і шчапаць дровы. Загадчыца аддзялення  Алеся Ходан затрымала мужчын, каб удакладніць распарадак на наступны дзень.

— Заўтра субота, — расказвала пазней Алеся Рыгораўна. —  Але ім прыйдзецца ехаць у Паставы капаць магілу. Такое здараецца нярэдка, што і ў выхадны дзень нашы  паслугі запатрабаваныя. І не толькі на тэрыторыі Варапаеўскага сельсавета. Здараецца, што клічуць і ў іншыя месцы. Ды на тое ж гэта і аддзяленне тэрміновага абслугоўвання. Згаджаемся ад слова, бо разумеем, што людзям патрэбна неадкладная дапамога. Спраў хапае. Цяпер асноўны клопат — дровы. Папілаваць, пашчапаць, акуратна скласці — за дзень ледзь упраўляюцца. А назаўтра трэба спяшацца да наступнага кліента. Летам у асноўным займаюцца апрацоўкай прыся­дзібных участкаў, абкошваннем і добраўпарадкаваннем прыдамавых тэрыторый, рамантуюць агароджы, жылыя і гаспадарчыя пабудовы, сістэму ацяплення. Ды ці мала дзе ў гаспадарцы трэба прыкласці мужчынскія рукі. У аддзяленні ёсць неабходны інвентар: мотаблок, мотакаса, іншыя інструменты.

— Работа нялёгкая, — працягвала А. Р. Ходан, — патрабуе шмат фізічных сіл. Але і людзі, якіх абслугоўваем, пражылі  цяжкае жыццё. Для большасці з іх і сацыяльныя работнікі, і мужчыны з аддзялення тэрміновага абслугоўвання сталі роднымі. Яны з намі дзеляцца сваімі думкамі, успамінамі. Можа, сваякам не заўсёды адкрыюць сэрца, а сацыяльнаму работніку раскажуць. Іх дзеці таксама з павагай ставяцца да нас. Абмяркоўваем розныя пытанні па доглядзе іх састарэлых бацькоў. Наша задача — пастаянна служыць людзям, не толькі дапамагаць у гаспадарчых справах, але і падтрымліваць словам. Людзі з узростам становяцца вельмі эмацыянальнымі, таму ў адносінах з імі патрэбна шмат міласэрнасці, цярпення, старання.

Ёсць адзінокія і адзінока пражываючыя. Апошнія хоць і маюць дзяцей, але ўгаварыць бацькоў перабрацца хаця б узі­мку ў горад ім не ўдаецца. Прыкіпаюць старыя да сваіх хат, дзе прайшлі іх маладыя гады, нарадзіліся і выраслі дзеці, і нікуды ехаць не хочуць.  І тады на дапамогу прыходзяць сацыяльныя работнікі, якія бяруць на сябе абавязкі клапаціцца пра нямоглага чалавека. Кола абавязкаў даволі шырокае —  закупіць і даставіць на дом прадукты, лекі, аплаціць камунальныя паслугі, нанесці дроў, прыбраць у доме,  калі трэба, снег расчысціць у двары, заказаць, каб завезлі паліва.

Алеся Ходан у сацыяльную службу прыйшла 19-гадовай дзяўчынай і прапісалася надоўга. Многія з яе былых падапечных ужо адышлі ў свет іншы. На іх месца набрала новых. Пайменна памятае і ранейшых, і цяперашніх бабуль і дзядуляў. Успамінае біяграфіі і розныя цікавыя гісторыі з іх жыцця. Падапечныя ў сваю чаргу з удзячнасцю гавораць пра Алесю. А яшчэ А. Р. Ходан актыўная ў грамадскім жыцці, прымала ўдзел у конкурсах сацыяльных работнікаў, якія праводзіў раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і паказвала “клас”.

Сыпаў густы снег. Мужчыны, атрымаўшы распараджэнне на заўтра, заспяша­ліся выконваць тэрміновае заданне дня сённяшняга. А Алеся накіравалася да тых, да каго яшчэ не паспела наведацца. Панесла прадукты, лекі. Ды і сцежкі ад снегу трэба было расчышчаць…

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.