На Пастаўшчыне прайшлі спаборніцтвы па падлёднай лоўлі рыбы (+фота)


Самыя юныя ўдзельнікі спаборніцтваў Вадзім Мацкевіч і Уладзімір Урбанайць.

28 лютага на возеры Лодасі прайшлі спаборніцтвы па падлёднай лоўлі рыбы, якія арганізавалі раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў і Камайскі сельскі Савет. Паспрабаваць  рыбацкага шчасця вырашылі больш за 30 чалавек з Пастаў, Мінска, Лынтуп, Камай і іншых населеных пунктаў.

Чаму менавіта Лодасі сталі месцам збору рыбакоў-аматараў?  Старшыня раённай арганізацыі БТПР А. А. Карпік такое рашэнне патлумачыў тым, што сёлетняй зімой на гэтым возеры многім спадарожнічала ўдача. Нядрэнны да яго і пад’езд. Аднак у дзень правядзення спаборніцтваў нечакана пайшоў снег, і змена надвор’я не лепшым чынам паўплывала на клёў, які напярэдадні так радаваў аматараў рыбалкі.

— Учора з Уладзімірам Навумчыкам на гэтым самым месцы цягалі акунёў вагой ад 400 да 1200 грамаў, — расказваў Іосіф Каравацкі з Камай. — Сёння на мармышку не трапіла ніводнага такога экзэмпляра.

У асноўным драбяза траплялася і іншым рыбакам, якія тым не менш цярпліва чаравалі над лункамі. І раз-пораз перазвоньваліся з тымі, хто рыбачыў на Мя­дзельскім, Лісіцкім, Богінскім і іншых азёрах. Супакойвала тое, што і там рыба бралася дрэнна.

—  Рыбацкую ўдачу можна ацэньваць па-рознаму, — гаварыў заўзяты рыбак і паляўнічы І. М. Валодзька. — Лічу сапраўднымі майстрамі і  прафесіяналамі ўсіх тых, хто сёння за нейкія тры гадзіны змог вывудзіць па  60-70 рыбін.

Пасля падліку і ўзважвання ўлову кропку ў падвядзенні вынікаў і вызначэнні пераможцаў у розных намінацыях паставіў галоўны суддзя спаборніцтваў Іван Курыловіч. Найбольш пашанцавала жыхару Пастаў Аляксандру Кіркіжу, які на мармышку вывудзіў 1685 грамаў рыбы. Усяго на 45 грамаў меншы ўлоў у Іосіфа Каравацкага.  Вага здабычы Дзмітрыя Сілаева з Мінска —  1560 грамаў. Дарэчы, Дзмітрый быў адзіным, каму падчас спаборніцтваў удалося на жыўца злавіць шчупака. Вышэйназваным рыбакам-аматарам старшыня раённай арганізацыі БТПР А. А. Карпік і старшыня Камайскага сельскага Савета Г. Ч. Урбанайць уручылі каштоўныя падарункі і дыпломы. За самую вялікую  і самую маленькую  злоўленую рыбу былі адзначаны адпаведна Іосіф Каравацкі і юны рыбак Вадзім Мацкевіч з Пастаў. Добрых слоў заслужылі таксама Павел Смятанка, Антон Якімовіч, Андрэй Зубкоў і іншыя рыбакі.

Пачастункам для ўсіх сталі наварыстая юшка і гарачы чай, якія прыгатавалі на беразе возера ў паходнай салдацкай кухні і гасцінна раздавалі  егеры Часлаў Шырэй, Аляксандр Чатовіч і Алег Вілейта.

Удзельнікі  спаборніцтваў  выказвалі пажаданне зрабіць іх раённымі і праводзіць кожную зіму.  Тым больш што вопыт удзелу ў такіх  мерапрыемствах у пастаўчан ёсць. Напрыклад, нядаўна на Глыбоччыне праводзіліся абласныя спаборніцтвы сярод лясгасаў і іншых калектываў Віцебскага лесагаспадарчага аб’яднання. Каманда рыбакоў нашага лясгаса ў складзе Аляксандра Шалугіна, Віталія Альхімёнка, братоў Паўла і Максіма Казароўцаў заняла трэцяе месца. А ў спаборніцтвах рыбакоў першага ваеннага шпіталя пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь мацнейшымі сталі Васілій Падгайскі, Міхаіл Брэскі і Генадзій Пяткоўскі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.