На провадзе дыспетчар Дарашкевіч


Старшына ўнутранай службы Таццяна Пятроўна Дарашкевіч — адна з трох жанчын, якія працуюць у калектыве Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, і адзіная з іх, хто мае непасрэднае дачыненне да выратавання маёмасці і жыццяў людзей. Яна — дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання.

Гэты цэнтр без перабольшвання можна назваць сэрцам РАНС. Менавіта сюды паступаюць паведамленні аб пажарах і іншых здарэннях у горадзе і раёне, у якіх патрабуецца дапамога ратаўнікоў. І дыспетчару трэба не толькі правільна прыняць іх, зразумець, што адбылося ў чалавека на тым канцы проваду, але і аператыўна і граматна дзейнічаць у адпаведнасці з сітуацыяй. Калі гэта пажар — адправіць на яго адну або некалькі машын з райаддзела, бліжэйшых часцей і пастоў нашага, а часам і суседніх раёнаў, перадаць паведамленне ў аддзяленне хуткай дапамогі ЦРБ, РАУС і РЭС. Акрамя таго, у абавязкі дыспетчара ўвахо­дзяць збор і ўдакладненне інфармацыі па надзвычайных сітуацыях і пацярпелых у іх, унясенне змяненняў у дакументы, удзел у правя­дзенні “прамых тэлефонных ліній”.

З усім гэтым Таццяна Пятроўна паспяхова спраўляецца на працягу 10 гадоў. У райаддзел яна прыйшла 1 красавіка 2005-га. Тут інжынерам-хімікам радыяцыйнай абароны працаваў муж Аляксандр Ула­дзіміравіч (цяпер ужо былы), а свёкар Уладзімір Іванавіч Дарашкевіч пэўны час узначальваў ваенізаваную пажарную часць — так тады называўся РАНС.

Сёння жанчына з усмешкай успамінае, якімі няпростымі былі першыя тыдні работы, як баялася тэлефонных званкоў з паведамленнямі аб здарэннях і хвалявалася за тое, каб усё зрабіць правільна. Да таго ж прыйшлося прывыкаць да 24-гадзінных дзяжурстваў, асвойваць незнаёмую для сябе тэхніку — радыёстанцыю і камп’ютар. Усяму вучылася ў тагачаснага дыспетчара цэнтра аператыўнага кіравання П. Я. Лысёнка, і цяпер яе дзеянні наладжаны да аўтаматызму. Пра высокі прафесіяналізм старшыны Т. П. Дарашкевіч сведчаць граматы абласнога ўпраўлення і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а таксама трэцяе месца ў абласным конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод дыспетчараў, якое заняла ў снежні мінулага года.

…У Таццяны Пятроўны падрастаюць дзве дачкі-школьніцы. Яны не раз бывалі ў мамы на рабоце і вельмі ганарацца тым, што яна працуе ў РАНС. Хто ведае, магчыма, пройдзе час, і адна з іх таксама выбера нялёгкую прафесію ратаўніка.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.