Па вышэйшым класе


Прыёмшчыца заказаў Эма Вітальеўна Касцюк са швачкамі Аленай Рамановіч і Раісай Еўдакімавай

Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу “Лепшы сельскі комплексны прыёмны пункт”. За высокае прафмайстэрства бытавікам з Навасёлак-1 прысуджана трэцяе месца. Акрамя таго, яны адзначаны спецыяльным дыпломам Міністэрства гандлю “За шырокі спектр бытавых паслуг, якія аказваюцца непасрэдна на комплексным прыёмным пункце”.

З работнікамі Навасёлкаўскага комплекснага прыёмнага пункта знаёмая гадоў дваццаць. У дэфіцытныя дзевяностыя купіць што-небудзь у магазінах было праблематычна, індывідуальнае прадпрымальніцтва яшчэ не паспела набыць таго размаху, якога дасягнула ў нашы дні, таму выручала служба быту. І калі ў гарадскім атэлье па пашыве адзення выканання заказу трэба было чакаць доўга, то ў Навасёлках любую рэч шылі хутка, а галоўнае — якасна. Мінулі два дзесяцігоддзі, а поспехі па-ранейшаму спадарожнічаюць навасёлкаўскім бытавікам. Сакрэтам нязменнага лідарства пацікавілася падчас наведвання комплекснага прыёмнага пункта.

— Ніякіх сакрэтаў, — гаварыла касір, яна ж прыёмшчыца заказаў і спрактыкаваны закройшчык Эма Вітальеўна Касцюк. — Алена Рамановіч і Раіса Еўдакімава вопытныя і старанныя швачкі. У мяне з імі практычна аднолькавы стаж работы. Перажылі не адзін складаны перыяд, але не пакінулі абраную раз і назаўсёды прафесію. Спачатку на КПП працавала восем чалавек, цяпер толькі трое. Каб крыху вышэйшымі былі ў людзей зарплаты, то і заказчыкаў у нас было б больш, і справы пайшлі б яшчэ лепш. І ўсё ж, нягледзячы на розныя нюансы, паслугі бытавікоў запатрабаваныя. І мы гэтаму рады. За мінулы год удалося рэалізаваць тавараў больш чым на 160 мільёнаў рублёў.

У зону абслугоўвання коплекснага прыёмнага пункта ўваходзіць больш за паўтары тысячы чалавек з сарака пяці населеных пунктаў. У тыя вёскі, дзе пражывае больш за 200 чалавек, Э. В. Касцюк выязджае раз у ты­дзень, у іншыя — па папярэдніх заказах раз у два тыдні. Аказваецца 17 відаў паслуг. Найчасцей вяскоўцы здаюць у рамонт абутак, у пральню — пасцельную бялізну, у хімчыстку — дываны, верхнюю вопратку, падушкі. Вопыт і прафесіяналізм Эмы Вітальеўны, добразычлівасць і індывідуальная работа з кожным кліентам даюць адчувальную перавагу ў канкурэнтным асяроддзі. Прыцягваюць пакупнікоў і даступныя цэны.

Карыстаюцца попытам камплекты пасцельнай бялізны, навалочкі і прасціны, жаночыя халаты, мужчынскія кашулі, якія шыюць непасрэдна на комплексным прыёмным пункце. Часта звяртаюцца вяскоўцы па рытуальныя рэчы. І ўсё ж галоўнае адрозненне Навасёлкаўскага КПП ад іншых у тым, што тут можна падрамантаваць і пашыць любое адзенне: сукенкі, блузкі, спадніцы, касцюмы, паліто, футра, а таксама шторы, чахлы на аўтамабільныя крэслы і канапу, пакрывалы, пледы і многае іншае. Швейнае атэлье ў раёне ёсць толькі ў райцэнтры. У Навасёлкі ж прыязджаюць жыхары Варапаева, Дунілавіч, іншых бліжэйшых населеных пунктаў. Закройшчыца параіць, які фасон будзе лепш пасаваць, прапануе сучасныя мадэлі, а ёсць канкрэтнае пажаданне — і яго выканаюць. Адным словам, тут усё зробяць па вышэйшым класе.

— Сюды заўсёды прыемна зайсці, — гаварыла адна з наведвальніц. — Прыёмшчыца заказаў сустракае з усмешкай. Эма Вітальеўна — сапраўдны мене­джар па збыце прадукцыі, умее разрэкламаваць тавар, падказаць, што лепш выбраць. Тут любую рэч пашыюць акуратна і прыгожа.

— У раённы камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва нярэдка паступае заказ на пашыў спецыяльнага або рабочага адзення, — расказвала Э. В. Касцюк. — І тады частку заказу выконваем мы. Шылі, напрыклад, форму для работнікаў лясгаса, малочнага завода, бальніцы. “Апраналі” сцэну ў мяс­цовым цэнтры культуры, шыем сцэнічныя касцюмы. ­Удзячны дырэктару Ларысе Віктараўне Федарэнка за падтрымку. Агульнымі намаганнямі мы імкнёмся аператыўна і якасна аказваць сельскаму насельніцтву увесь спектр бытавых паслуг.

Анна Анішкевіч.