Падсалоджваюць будні і святы


Якое 8 Сакавіка без торта на стале? Упэўнена, напярэдадні свята многія пастаўчане накіруюцца па яго ў магазін “Юбілейны” ў аднайменным мікрараёне райцэнтра. Вырабы кандытарскага міні-цэха, які там дзей­нічае, даўно палюбіліся аматарам салодкіх вырабаў.

Калектыў міні-цэха невялікі — усяго тры чалавекі. Кіруе ім брыгадзір-кандытар Ірына Баляславаўна Данілюк. У галіне грамадскага харчавання працуе ўжо 27 гадоў, мае 6-ты, найвышэйшы, прафесійны разрад. Хаця па адукацыі яна… будаўнік: пасля заканчэння школы скончыла вучылішча ў Віцебску, але здароўе не дазволіла працаваць па спецыяльнасці. Таму, вярнуўшыся ў Паставы, пачала асвойваць абсалютна новую для сябе справу. Найперш вучылася ў старэйшых калег, якія падтрымалі, дапамаглі асвоіцца.

Майстэрства прыйшло з вопытам. Ірына Баляславаўна доўга працавала на вырабе булачак, пячэння, пернікаў і іншых ласункаў у цэнтральным кандытар­скім цэху філіяла “Каапгандаль № 2 райспажыўтаварыства”, а 7 гадоў назад была пераведзена ў новы на той час цэх магазіна “Юбілейны”.

Разам з Ірынай Данілюк сёння шчыруюць вопытная Валянціна Чаславаўна Бязклубая і маладая Ірына Юр’­еўна Раковіч. Працу ў цэху салодкай не назавеш. Рабочая змена кандытараў пачынаецца ў пяць гадзін раніцы. І ўсё дзеля таго, каб к 8-мі пакупнікоў магазіна ўжо радавалі гарачыя булачкі, а некалькімі гадзінамі пазней — і свежыя тарты. Яны тут, дарэчы, у шырокім асартыменце. Усе бісквітныя і вырабляюцца па новых тэхналогіях.

Штомесяц міні-цэх вырабляе каля 5 тон булачак, пірожных і тартоў на суму 140-160 мільёнаў рублёў. Рэалізуюцца яны не толькі ў “Юбілейным”, але і ў Варапаеве, Старым Двары, магазіне “Родны кут” у мікрараёне 5 гарадка.

Перад святамі аб’ёмы прадукцыі істотна ўзрастаюць. Напярэдадні 8 Сакавіка тут вырабілі каля 800 кг салодкіх прысмакаў.

—            Яны абавязкова знойдуць сваіх пакупнікоў, — упэўнена намеснік дырэктара па грамадскім харчаванні філіяла “Каапгандаль № 2” Крысціна Мечыславаўна Красоўская. — Мікрараён вуліцы Юбілейнай вялікі, ды і ва ўсім горадзе нямала прыхільнікаў кандытарскіх вырабаў з гэтага міні-цэха. У чым сакрэт? Ён просты: работнікі працуюць сумленна, укладваюць у сваю справу нямала часу, цярплівасці, старання. Яны малайцы: не перастаюць радаваць навінкамі, самастойна шукаюць рынкі збыту, шмат працуюць на заказ. Кіраўніцтва райспажыўтаварыства неаднойчы адзначала іх высокапрафесійную работу.

Крысціна Мечыславаўна таксама адзначыла, што да свята ўсе кандытарскія цэхі філіяла “Каапгандаль № 2” значна павялічылі выпуск прадукцыі. Асноўная нагрузка па вырабе саладосцяў лягла на «Цэнтральны», дзе пад кіраўніцтвам кандытараў-брыга­дзіраў Яніны Іванаўны Гушча, Таццяны Юльянаўны Мазырка праведзены асаб­ліва вялікі аб’ём работ. Усяго да свята 8 Сакавіка на прылаўках магазінаў нашага раёна з’явілася каля 4,5 тоны тартоў і пірагоў вытворчасці рай­спажыўтаварыства.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара