Прайшоў абласны семінар

Сельское хозяйство

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў арыентуе аграрыяў рэгіёна на атрыманне 2 млн тон зерня. Такую задачу кіраўнік вобласці паставіў 18 сакавіка ў Аршанскім раёне, на базе якога прайшоў абласны семінар-вучоба па пытаннях падрыхтоўкі да веснавых палявых работ.  Ад нашага раёна на ім прысутнічалі старшыня райвыканкама В. С. Гутараў і яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу А. В. Чарвінскі.

Спецыялісты далі рэкамендацыі па рэгуліроўцы тэхнікі, эфектыўным прымяненні сродкаў хімізацыі, тэхнічнай падрыхтоўцы і тэхналагічным забеспячэнні высакаякаснага правядзення палявых работ. У ходзе семінара адбылася прэзентацыя сучаснай тэхнікі.

“Наша задача — вызначыць стратэгію так, каб выйсці на максімальнае атрыманне кармавых адзі­нак з кожнага гектара. Для гэтага трэба вызначыць севазварот, навучыцца працаваць так, каб атрымліваць 2 млн тон зерня. І баяцца тут няма чаго. Усё проста: з 500 тыс. га ворыўных плошчаў, якія засяваліся кожны год зерневымі, трэба атрымліваць ура­джайнасць не 27 ц/га, а 40 — вось і будзем мець 2 млн, — перакананы Мікалай Шарстнёў. — У нас ёсць гаспадаркі, якія атрымліваюць і 50, і 60  цэнтнераў у нашых віцебскіх умовах — гэта неаспрэчны факт”.

Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што ў сельгасвытворчасці павінны быць дыктатура тэхналогій і рацыянальнасць выкарыстання рэсурсаў, і прывёў прыклад работы з угнаеннямі. “З кожным годам кошт угнаенняў становіцца вышэйшы, таму мы павінны працаваць кропкава. Гэта значыць набыць тыя сеялкі, якія нам дазволяць высяваць зерневыя разам з угнаеннямі”, — канстатаваў ён.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.