Праявілі сябе і на рэспубліцы

Личности

Напрыканцы лютага сталі вядомыя пераможцы традыцыйнага рэспубліканскага конкурсу па часовай занятасці моладзі “Працоўны семестр”. Сёлета ўпершыню заяўку на ўдзел у ім адправілі і пастаўчане. І адразу — выдатны поспех. Па выніках работы за 2014 год тэрытарыяльны штаб студэнцкіх атрадаў пастаўскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” прызнаны лепшым у краіне.

Ушаноўванне пераможцаў конкурсу адбылося падчас рэспубліканскага семінара па развіцці студатрадаўскага руху, які адбыўся 26-27 лютага на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу “Брыганціна” ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Мерапрыемства сабрала каля 120 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі. У склад дэлегацыі Віцебскай вобласці ўвайшла і першы сакратар Пастаўскага райкама БРСМ Іна Каралёва.

Семінар прадугледжваў насычаную праграму. Ён пачаўся ў новым будынку музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Пасля азнаямляльнай экскурсіі дэлегатаў чакала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання, якая адбылася ў велічнай зале Перамогі. У ёй удзельнічалі не толькі прадстаўнікі Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, але і высокія чыноўнікі з Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства лясной гаспадаркі, Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь.

Граматамі ЦК БРСМ і каштоўнымі падарункамі ў той дзень былі адзначаны лепшыя студэнцкія атрады, іх камандзіры і камісары, лепшыя абласныя штабы студэнцкіх атрадаў і лепшыя штабы працоўных спраў пярвічных арганізацый БРСМ сярод устаноў адукацыі, лепшыя штабы па прыцягненні грашовых сродкаў на развіццё студатрадаўскага руху, агучаны арганізацыі, якія асабліва актыўна прымалі студэнцкія атрады. Сярод прадстаўнікоў нашай вобласці вызначыліся маладыя людзі з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава і Полацкага  дзяржаўнага ўніверсітэта. Пастаўскі раён, дарэчы, стаў адзіным з усіх раёнаў Прыдзвінскага краю, адзначаных на такім высокім узроўні. Узнагароды Іне Каралёвай уручыў першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў.

Працягам мерапрыемства сталі навукова-практычныя заняткі на базе рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі “Белтэлекам” у Мінску. Пасля іх дэлегацыі накіраваліся ў спартыўна-аздараўленчы комплекс “Брыганціна”, дзе была дадзена ацэнка рэспубліканскаму конкурсу “Працоўны семестр”, зроблены каментарыі да яго вынікаў, а таксама праведзены інтэрактыўныя трэнінгі і дзелавыя гульні.

—            Семінар аказаўся плённым, — адзначыла Іна Каралёва. — Было шмат размоў пра ўдасканаленне часовай занятасці моладзі, арганізацыі работы студэнцкіх атрадаў, узняты шэраг праблем, у тым ліку і дзейнасці маладых людзей у вольны час. Карысным стаў і абмен вопытам з калегамі. А колькі эмоцый падарыў момант узнагароджвання! Наш райкам падаваў заяўку на такі сур’ёзны конкурс упершыню. Нягледзячы на тое, што ў мінулыя гады мы выходзілі пераможцамі ў розных намінацыях абласнога конкурсу па часовай занятасці моладзі, на такі паспяховы вынік не разлічвалі. Ён стаў прыемным сюрпрызам.

Дасягненне новых вяршынь стымулюе і натхняе напярэдадні новага працоўнага семестра. У папярэднія гады ён распачынаўся 1 мая. Цяпер жа ў сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве працаўладкаванне школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў магчымае на працягу ўсяго года. Таму ў райкаме не выключаюць, што “Працоўны семестр-2015” пачнецца раней. Зыходзячы са спецыфікі раёна, будуць арганізаваны будаўнічыя, сельскагаспадарчыя атрады. Плануецца, што яны, як і летась, аб’яднаюць каля тысячы маладых лю­дзей.

Іна СНЯЖКОВА.