Спаборнічалі плыўцы

Спорт

Максім Кузьміч, Павел Лютынскі, Андрэй Гутараў, Аляксей Юр’еў і Раман Матоніс.

На ФАКу ў 5 гарадку прайшлі спаборніцтвы па плаванні сярод юнакоў па праграме мнагаборства “Абаронца Айчыны”. Арганізавалі і правялі іх аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і дзяржаўнае аб’­яднанне “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна”.

Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 28 юнакоў ва ўзросце 15—18 гадоў з пяці гарадскіх школ, гімназіі і прафтэхкаледжа. Перад пачаткам заплываў іх вітала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Падгайская, якая пажадала ўдзельнікам спартыўнай удачы. Затым на разагрэве ў іх выступілі лепшыя юныя плыўцы горада Пеця Трава, Даша Дубовік і Ліза Кліпа. Яны за лічаныя секунды пераадолелі дыстанцыю ў 50 метраў. Столькі ж трэба было праплысці вольным стылем і юнакам. Але з лёгкасцю гэта зрабілі далёка не ўсе.

Па сумарным часе лепшы камандны вынік паказала зборная СШ №1, якая заняла першае месца. На другім месцы каманда Пастаўскай гімназіі, на трэцім — прафтэхкаледжа. Яны ўзнагароджаны дыпломамі. У індывідуальным заліку ў дзвюх узроставых катэгорыях: 15—16 і 17—18 гадоў — прызёрамі сталі Павел Лютынскі, Максім Кузьміч (СШ №1), Аляксей Юр’еў, Андрэй Гутараў (гімназія), Андрэй Дзянісаў (СШ №4) і Раман Матоніс (СШ №2). У падарунак хлопцы атрымалі наборы для тэніса.

Як адзначыў пасля заканчэння спаборніцтваў іх галоўны суддзя, трэнер па спорце ДА “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна” А. А. Бучнеў, у апошні час у басейн прыходзіць шмат дзяцей. Некаторыя — разам з бацькамі, якія просяць навучыць сыноў і дачок плаваць. Часам даводзіцца вучыць гэтаму і дарослых. Усяго ж рэгулярна займаюцца плаваннем каля 40 юных пастаўчан. Многія ўжо выканалі першы юнацкі разрад, нехта мае другі-трэці дарослыя разрады, а памянёны вышэй Павел Лютынскі — першы дарослы разрад. Сёлета хлопец плануе выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту. І калі гэта ўдасца, ён стане першым сярод пастаўскіх школьнікаў, хто будзе мець такое званне.

Нашы “залатыя рыбкі” паспяхова выступаюць на розных спаборніцтвах. Так, напрыклад, на нядаўнім міжнародным турніры ў Наваполацку сярод 360 удзельнікаў увайшлі ў дзясятку мацнейшых. Найлепшыя вынікі ў мінулым годзе паказала Ліза Кліпа, якая заваявала тры залатыя, адзін сярэбраны і адзін бронзавы медалі. Прычым два з іх, залаты і сярэбраны, — на міжнародных спаборніцтвах з удзелам каманд з Санкт-Пецярбурга. Думаецца, пройдзе не так шмат часу, і пра Паставы загавораць не толькі як пра добрыя футбольную і валейбольную, але і плавальную школу.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.