Справа майстра баіцца


Брыгада слесараў-сантэхнікаў шостага гарадка: В. В. Паўлаў, А. Б. Акялан, А. А. Голубеў, А. В. Ігнатовіч, А. А. Шырокі.

Калі прарвала трубу, пацёк кран, засме­цілася каналізацыя або проста трэба памяняць унітаз, за якасць і аператыўнасць ліквідацыі непаладак і ўстаноўку сантэхнічнага абсталявання на ўчастку, замацаваным за брыгадай слесараў-сантэхнікаў шостага гарадка, хвалявацца не трэба, запэўніваюць у ЖЭУ «Паставы-18». На выкананне заяўкі прыйдуць сапраўдныя майстры.

Брыгада складаецца з трох слесараў-сантэхнікаў, двух газаэлектра­зваршчыкаў і токара. Стаж работы кожнага ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі — больш за дзесяць гадоў. Вопыт плюс тэхнічная кемлівасць, без якой не абысціся пры выбары найбольш удалага варыянта ліквідацыі няспраўнасцей, дазваляюць выконваць работу любога ўзроўню складанасці. Нездарма Аляксандру Аркадзьевічу Шырокаму было прысвоена званне «Чалавек года Пастаўшчыны», а Аляксей Ана­тольевіч Міхайлаў у мінулым годзе заняў другое месца на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства.

— Мне ніколі не бывае сорамна перад людзьмі за работу брыгады сантэхнікаў, — з гонарам расказвае пра сваіх падначаленых майстар Валянціна Васільеўна Шорац. —  Нікога не трэба кантраляваць. Усё робіцца хутка, якасна, акуратна. І гэта пры тым, што ў кватэрах дрэнны доступ да ацяпляльнай і каналізацыйнай сістэм, працаваць даводзіцца ў няпростых умовах. Трэба імкнуцца не прапаліць шпалеры, не пашкодзіць пакрыццё падлогі, адным словам, прынесці людзям мінімум дыскамфорту. І, мяркуючы па незлічоных удзячнасцях, гэта ў іх атрымліваецца. Некаторых «заманьвалі» да сябе на работу прыватнікі, але нашы спецыялісты адмовіліся, і я вельмі гэтаму рада.

Працоўны дзень сантэхнікаў пачынаецца з абходу замацаваных за імі тэрыторый, у час якога трэба праверыць цеплавузел, пераканацца, ці няма засмечвання каналізацыі, ліквідаваць няспраўнасці. Акрамя планавай работы, спецыялісты выязджаюць на экстранныя выклікі. Зона абслугоўвання даволі вялікая — акрамя дамоў па вуліцах Зялёнай, 17 Верасня, Гайдара, Савецкай, Варашылава, якія стаяць на балансе УП ЖКГ, прымаюць заяўкі з Палявой, Азёрнай, іншых вуліц горада і нават бліжэйшых вёсак.

Прафесію слесара-сантэхніка нельга засвоіць раз і назаўжды, яна патрабуе пастаяннага ўдасканальвання ведаў, паколькі мае шмат нюансаў. Не кажучы пра тое, што з кожным годам з’яўляюцца новыя матэрыялы, з якімі трэба працаваць зусім па іншай тэхналогіі.

 Вераніка ФІЛАНОВІЧ.