Свята да Дня міліцыі ў Паставах (+фота)


4 сакавіка сваё прафесійнае свята адзначылі супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Урачыстыя мерапрыемствы з гэтай нагоды прайшлі і ў Паставах. Па традыцыі ў Доме культуры па вуліцы Станкевіча сабраліся як тыя, хто сёння служыць закону, абараняе правапарадак у раёне, так і ветэраны Пастаўскага РАУС, іх родныя і блізкія.

Урачысты сход пачаўся з дэманстрацыі філь­ма пра будні райаддзела міліцыі, падрыхтаванага журналістамі мясцовага тэлебачання. Затым прысутных вітаў начальнік РАУС А. М. Гарус. Ён адзначыў, што стварэнне 4 сакавіка 1917 года народнай міліцыі назаўсёды вызначыла яе галоўную задачу — служыць людзям. З таго часу мінулі дзесяцігоддзі, але супрацоўнік органаў унутраных спраў быў і застаецца прыкладам вытрымкі, мужнасці і самааддачы, гатоўнасці прыйсці на дапамогу тым, хто мае патрэбу ў абароне.

— Быць на варце законнасці і правапарадку — гэта не толькі высакародная і ганаровая місія, але і вялізная адказнасць. Вось чаму мы павінны валодаць абвостраным пачуццём справядлі­васці, глыбокай павагай да чалавека, прафесійнай культурай і найвышэйшай адказнасцю, — канстатаваў Аляксандр Мікалаевіч.

Кіраўнік райаддзела падзякаваў усяму асабоваму складу РАУС за бездакорную службу і добрасумленную працу, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што і далей пастаўскія міліцыянеры будуць рабіць усё магчымае для надзейнага забеспячэння правапарадку ў раёне, бяспекі і спакою грамадзян. Словы асаблівай удзячнасці ён адрасаваў ветэранам, якія з’яўляюцца годным прыкладам для выхавання новых пакаленняў прафесіяналаў, вучаць іх берагчы гонар мундзіра і быць вернымі свайму службоваму абавязку. А паколькі Дзень беларускай міліцыі папярэднічае святу 8 Сакавіка, не забыў і пра жанчын, якія служаць у РАУС. Пажадаў ім, а таксама іншым прысутным у зале вялікага шчасця, светлага кахання, сямейнага дабрабыту, міру, дабра, здароўя і поспехаў ва ўсіх справах.

Пасля выступлення Аляксандр Мікалаевіч уручыў узнагароды лепшым супрацоўнікам РАУС. Так, нагрудным знакам “Віцебская міліцыя” ўзнагароджаны старшы інспектар-дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы Ю. А. Звяруга. Ганаровымі граматамі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама — оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку У. У. Раўданік і ўчастковы інспектар ад­дзела аховы правапарадку і прафілактыкі А. В. Барадулін. Па­дзяк начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама ўдастоены оперупаўнаважаны ад­дзялення крымінальнага вышуку Д. П. Кузьміч і старшы інспектар па ўлікова-рэгістрацыйнай рабоце групы інфармацыйнага забеспячэння В. А. Савельева. Дыплом, Кубак і залатыя медалі з рук А. М. Гаруса атрымалі члены валейбольнай каманды РАУС, якая заняла першае месца ў абласным чэмпіянаце сярод падраздзяленняў органаў унутраных спраў Віцебшчыны.

Штогод калектыў райаддзела міліцыі папаўняецца маладымі супрацоўнікамі, выпускнікамі вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў МУС. Многія з іх з першых дзён работы добра зарэкамендоўваюць сябе, дэманструюць узорнае выкананне службовых абавязкаў, высокую дысцыплінаванасць і прафесіяналізм. Сярод такіх інспектар дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ Д. М. Жук, оперупаўнаважаныя аддзялення крымінальнага вышуку А. І. Генюш і групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі В. А. Пучынскі, участковы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі І. В. Чарняўскі. Яны разам з бацькамі былі запрошаны на сцэну, дзе апошнім уручылі Падзячныя пісьмы начальніка РАУС.

Некалькі дзясяткаў міліцыянераў нясуць службу ў Пастаўскім аддзяленні Дэпартамента аховы, які ўзначальвае Д. А. Місюк. Віншуючы калег з Днём беларускай міліцыі, Дзмітрый Аляксандравіч уручыў Падзяку начальніка Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь камандзіру аддзялення групы затрымання А. П. Загнетаву, а ветэранам, якія калісьці працавалі або цяпер працуюць у ахове, В. А. Ашчэпкаву, У. І. Губару, В. С. Розынку і П. Ф. Кішко — каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.

— Прыемна, што год за годам Пастаўскі РАУС прызнаецца адным з лепшых райаддзелаў вобласці. На змену ветэранам прыходзіць маладое пакаленне прафесіяналаў, якое з гонарам працягвае слаўныя традыцыі папярэднікаў, уносіць свой уклад у справу ўмацавання правапарадку. Дзякуй за вашу ратную працу, за тое, што дзень і ноч ахоўваеце спакой у грамадстве, — сказаў, звяртаючыся да віноўнікаў урачыстасці, старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў.

Віктар Пятровіч таксама ўручыў граматы і Падзякі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў шэрагу супрацоўнікаў райаддзела (іх прозвішчы былі надрукаваны ў “ПК” за 4 сакавіка 2015 года, №18), а затым узнагародзіў пераможцаў раённага агляду-конкурсу на лепшыя грамадскі пункт аховы правапарадку, добраахвотную дружыну і дружынніка. У першай намінацыі прызёрамі сталі грамадскія пункты Ваўкоўскага, Навасёлкаўскага і Юнькаўскага сельвыканкамаў, якія занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы (старшыні Т. Б. Баторы, К. Э. Мядзведзеў і В. М. Філімонава). Лепшай добраахвотнай дружынай прызнана каманда лясгаса, якую ўзначальвае А. М. Іванькоў. На другім месцы добраахвотная дружына з ліку жыхароў г. Паставы, якія з’яўляюцца членамі РГА “Беларускае казацтва” (камандзір І. Б. Буркевіч), на трэцім — дружына прафтэхкаледжа (камандзір Ю. В. Шылёнак). Лепшымі дружыннікамі названы прадстаўнікі “Беларускага казацтва” А. М. Зазулін і Д. Г. Сіланаў і работнік УП ЖКГ А. М. Стоцік. Усе пераможцы атрымалі дыпломы. Акрамя таго, І. Б. Буркевіч і прыказны казак І. А. Шкорнік за актыўны ўдзел у ахове правапарадку ў раёне ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі начальніка РАУС.

Не сакрэт, што работа ў міліцыі не з лёгкіх. Тым не менш яе нярэдка выбіраюць прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Палову жыцця прысвяцілі службе ў органах унутраных спраў ветэраны РАУС Т. В. Казакевіч, Т. В. Кісялёва, М. С. Дыса, А. В. Шэсцерава, А. У. Маслоўская. Іх запрасілі на сцэну, каб уручыць кветкі і падарункі ад аддзела. А яшчэ адзін ветэран, В. Д. Са­вельеў, атрымаў падарунак з нагоды свайго юбілею, які адзначаў акурат 4 сакавіка. Імяніннікамі ў той дзень адчувалі сябе і шматдзетныя бацькі: старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і пра­філактыкі М. А. Іўліева, участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Н. А. Звяруга і начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Д. Ю. Шыман, якія выхоўваюць па трое-чацвёра дзяцей. Ім, а таксама астатнім прысутным свае музычныя віншаванні адрасавалі прызёры абласнога агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці калектываў органаў унутраных спраў Вераніка Савельева і Іван Дзядзюля, танцавальны калектыў “Непаседы”, юная цымбалістка Насця Лапушынская, Пётр Кароль, Вікторыя Корзун і іншыя салісты РДК.

 

 Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.