Сяўба не за гарамі

Сельское хозяйство

Як да яе рыхтуюцца агранамічныя службы гаспадарак?  Пра гэта карэспандэнт “Пастаўскага краю” Пётр Курыловіч гутарыць з намеснікам начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве А. Д. ЮРЫНЁНАК.

— Алёна Дзмітрыеўна, на якой плошчы трэба правесці яравую сяўбу?

— Пасяўныя плошчы ў сельгас­прадпрыемствах раёна сёлета складуць 39660 гектараў, у тым ліку яравыя павінны заняць 24850 гектараў. Аб’ёмы сяўбы зерневых і зернебабовых, ільну, яравога рапсу, агародніны і кукурузы, пасадкі бульбы планаваліся з такім разлікам, каб атрымаць дастатковую колькасць прадукцыі для выканання дзяржзаказу і ўласных патрэб, забяспечыць жывёлагадоўлю кармамі. На вялікі жаль, летась з-за нізкай ураджайнасці шмат раслінаводчай прадукцыі недабралі ААТ “Пастаўскі райаграсэрвіс”, “Вярэнькі-агра”, СВК “Андроны” і іншыя гаспадаркі.

— Што было зроблена восенню, каб не дапусціць пралікаў на сяўбе, ворыве глебы?

— У гаспадарках раёна на 12458 гектарах пасеяны азімыя на зерне. З зімы яны выйшлі ў асноўным у добрым і здавальняючым стане. На 18239 гектарах праведзена зяблевае ворыва. Аднак менш чым на палове планавых плошчаў узаралі глебу  ААТ “Блакітныя азёры-агра”, “Пастаўскі райаграсэрвіс”, “Парыж-агра”, “Янавіца-агра”, СВК “Андроны”, ільнозавод.  У цэлым па раёне вясной ворыва яшчэ трэба будзе правесці больш чым на 10100 гектарах. Плошчаў дастаткова, важна, каб яны былі разараны і як след апрацаваны, засеяны. Разам з камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі трэба задзейнічаць сеялкі тыпу СЗУ і СПУ. Асабліва актуальным гэта з’яўляецца для СП “Дунілавічы-агра”, філіяла “Нафтазаводмантаж-агра”, ААТ “Вярэнькі-агра”, дзе нагрузка на пасяўныя агрэгаты вялікая.

— Каб павялічыць не менш чым на 10% рост вытворчасці валавой раслінаводчай прадукцыі (а менавіта такая задача ставіцца сёлета), трэба ўнесці дастатковую колькасць угнаенняў, сяўбу правесці якасным насеннем, захаваць іншыя тэхналагічныя патрабаванні.

— Вельмі непакоіць тое, што для набыцця неабходных матэрыяльных і тэхнічных рэсурсаў катастрафічна не хапае грашовых сродкаў. Напрыклад, для пакупкі мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу і для падкормкі пасеваў, сенакосаў і пашы патрабуецца 69 млрд рублёў. Бюджэтныя сродкі на гэтыя мэты не запланаваны. У выніку забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі на сённяшні дзень складае па раёне 33%, у тым ліку азотам — 32, фосфарам — 19, каліем — 38%. У шэрагу сельгасарганізацый угнаенняў назапашана яшчэ менш. Не лепшае становішча з набыццём прэпаратаў для правя­дзення мерапрыемстваў па ахове сельгаскультур. Для гэтых мэт патрабуецца яшчэ 18 млрд рублёў. Становішча павінна змяніцца: чакаецца крэдытаванне сельгасарганізацый па некалькіх лініях. Найбольш адчувальную дапамогу атрымаюць тыя калектывы, дзе вышэйшы ўзровень вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі.

— Ці забяспечаны гаспадаркі насенным матэрыялам?

— Насенны матэрыял яравых зерневых культур падрыхтаваны і адпавядае пасяўным стандартам. Больш за 1000 тон насення эліты ёсць у ААТ “Хацілы-агра”. У той жа час ААТ “Вярэнькі-агра”, “Ярэва-агра”, “Камайскі-агра”, “Блакітныя азёры-агра”, СВК “Андроны” не маюць насення зернебабовых культур. Пакуль незайздроснае становішча і з насеннем ільну, які сёлета будзе вырошчваць большая колькасць гаспадарак.

Для таго каб у гэтым годзе павялічыць вытворчасць травяністых кармоў з высокай энергетычнай і пратэінавай пажыўнасцю, пастаўлена задача значна пашырыць плошчы шматгадовых траў, у першую чаргу канюшыны і люцэрны. У гаспадарках ёсць 151 тона насення шматгадовых траў, у тым ліку 78 тон канюшыны. А вось насенне люцэрны, пад якую адводзіцца 1300 гектараў, адсутнічае. Для яго закупу патрабуецца 1 млрд рублёў.

Як бачна, нявырашаных праблем яшчэ шмат. Але, нягледзячы ні на што, сяўбу трэба праводзіць. Прагнозныя паказчыкі па павелічэнні валавых збораў зерневых і тэхнічных культур, бульбы і агародніны, кармоў павінны быць выкананы.