У Паставах прайшла ўрачыстасць, прысвечаная Дню жанчын (+фота)

Культура

Дзень жанчын прыходзіць разам з вясной і з’яўляецца самым любімым святам. Вось і сёлета некалькі сакавіцкіх дзён былі напоўнены радасцю і весялосцю, шчырымі прызнаннямі, па­дзякамі за добрыя справы, сардэчнасць і разуменне, чуласць і цярпенне. Цёплыя словы ў адрас жанчын і дзяўчат  гучалі ў працоўных калектывах, навучальных установах, дзіцячых садках. А каб можна было сабраць усе кветкі, падораныя маці і жонкам, калегам, сяброўкам па вучобе,  каханым, то галоўная плошча горада  ператварылася б у вялізны шматколерны букет.

Кранальнае свята адбылося і ў Доме культуры па вуліцы Станкевіча. Прысутных у зале вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Пятровіч Арэхаў. Звяртаючыся да жанчын, ён, у прыватнасці, адзначыў:

— Вы вучыце і выхоўваеце дзяцей, стаіце на варце здароўя людзей, працуеце ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаўніцтве, ствараеце   прыгажосць і дорыце радасць паўнацэннага жыцця. Актыўную працоўную дзейнасць жанчыны паспяхова сумяшчаюць з высокім абавязкам мацярынства. У раёне пражывае 380 мнагадзетных сем’яў, 11 з іх палепшылі ў мінулым годзе свае жыллёвыя ўмовы. 51 сям’я мае статусы апякунскай і мнагадзетнай. 20 жанчын Пастаўшчыны ўзнагароджаны ордэнам Маці. Летась такія высокія ўзнагароды атрымалі Марына Валянцінаўна Юхневіч з Пастаў, Ірына Аляксандраўна Вітко з Вайцяхоў і Марыя Віктараўна Кажурна з Лынтуп.

Самыя цёплыя віншаванні са святам В. П. Арэхаў адрасаваў жанчынам-ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Ларысе Іосі­фаўне Навуменка, Ніне Барысаўне Сіланавай, Ніне Пятроўне Андрэйчык і іншым былым партызанкам, франтавічкам, вязням, зведаўшым фашысцкую няволю. Назваў прозвішчы жанчын-кіраўнікоў, ветэранаў працы, тых, хто сёння ўзначальвае  калектывы, дабіваецца высокіх паказчыкаў у розных сферах: кіравання, эканомікі, адукацыі, культуры і іншых. Яскравым пацвярджэннем гэтага з’яўляецца нядаўняе прысваенне лепшым пастаўчанам высокіх званняў “Чалавек года  Віцебшчыны” і “Чалавек года Пастаўшчыны”. Сярод жанчын шмат кіраўнікоў калектываў, якія па выніках 2014 года выйшлі пераможцамі раённага спаборніцтва.

В. П. Арэхаў пажадаў пастаўчанкам любові і мудрасці, сямейнага дабрабыту, здароўя, шчасця, далейшых набыткаў у працы і жыцці.

У зале Дома культуры прысутнічалі не толькі прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці горада. Шмат было бабуль, многія прыйшлі сем’ямі, каб атрымаць музычныя падарункі ад дзяцей і ўнукаў, парадавацца іх талентам.  Канцэрт атрымаўся вельмі кранальным. Сваю творчасць прысутным падарылі ўдзельнікі хору, вакальныя групы, тэатр моды і танцавальныя калектывы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, раённага цэнтра дзяцей і моладзі, раённага Дома культуры, навучэнец школы мастацтваў, юны баяніст Аляксандр Іжмайловіч, удзельнікі мастацкай самадзейнасці РДК Вольга Толсцік, Карына Мурзёнак,  Дзяніс Круглоў, Анжаліка Жаўнова, Пётр Кароль, Эла Панавас, Лілія Ракоўская, Аляксандр Апанасевіч,  салісткі народнага хору настаўнікаў Людміла Логінава, Алена Грывусевіч, Таццяна Дзявятнікава, ­удзельнікі цыркавой студыі “Каскад”.

Ні на хвіліну не гублялі кантакту з залай, ухвалялі жанчын, трапна жартавалі вядучыя канцэртнай праграмы Алена Сля­дзеўская, Лера Яфімава, Надзя Маразевіч, Жэня Васілевіч і Дзіма Ракоўскі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.