У поспехах вучняў шчасце педагога

Образование

На адным са школьных вечароў сустрэчы выпуск­нікоў да Таццяны Пятроўны Галаўко падышоў яе былы вучань, прадставіў сваю абранніцу і дадаў: ”Яна, як і Вы, настаўніца гісторыі, і мы з ёй часам дыскутуем. Дзякуй Вам за цікавыя ўрокі, якія і сёння помняцца”.

У дзяцінстве Таццяна марыла стаць урачом. Прымярала белы халат маці, якая працавала медыцынскай сястрой, гля­дзелася ў люстэрка — і гэта было вяршыняй шчасця. А калі бывала ў бальніцы і назірала за тым, як робяць уколы, ставяць кропельніцы, разумела: гэта прафесія не для яе. У старэйшых класах захапілася гісторыяй.

— Палюбіць прадмет дапамагла настаўніца Галіна Мікалаеўна Жук, — расказвала Таццяна Пятроўна Галаўко. — Пасля школы паступіла ў Гро­дзенскі педагагічны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. А па размеркаванні трапіла ў Ясеўскую васьмігодку.

У сельскай школе настаўнік — як урач агульнай практыкі: даводзілася выкладаць не толькі свой прадмет, але і многія іншыя. Тым не менш гэта былі гады першага настаўніцкага вопыту. Пасля нара­джэння сына ўладкавалася ў СШ № 4. Класнае кіраўніцтва атрымала ў пятым класе. І цяпер Т. П. Галаўко з удзячнасцю ўспамінае вопытную калегу Вікторыю Віктараўну Жук, якая дапамагала ў падрыхтоўцы розных мерапрыемстваў, падказвала, раіла. Хутка вучні і малады класны кіраўнік знайшлі агульную мову. Цяпер яе выпускнікі ўжо самастойныя людзі. З многімі з іх у настаўніцы цесныя кантакты праз тэлефон, сацыяльныя сеткі, яна заўсёды радуецца сустрэчы з імі, іх поспехам і дасягненням.

Цяпер Т. П. Галаўко працуе ў раённай гімназіі. Два гады таму выпусціла ў дарослае жыццё сваіх адзінаццацікласнікаў і ўзяла кіраўніцтва над пятым класам. У гімназію прыходзяць мацнейшыя з мацнейшых з усіх школ раёна. Толькі настаўніцы вядома, колькі прыйшлося прыкласці намаганняў, каб згуртаваць вучняў. Для гэтага і ладзяцца розныя класныя гадзіны, праводзяцца пазакласныя мерапрыемствы.

— Класнае кіраўніцтва — вялікая адказнасць, — гаварыла Таццяна Пятроўна. — Дзеткі розныя па характары, здольнасцях. Але ўсе шчырыя, адкрытыя, летуценныя. Імкнуся знаходзіць ключыкі да маленькіх сэрцаў, быць старэйшым сябрам, бачыць патэнцыял кожнага і аднолькава да ўсіх адносіцца. Найбольш задавальнення атрымліваю ад выкладання сваіх любімых прадметаў: гісторыі і грамадазнаўства. У вучняў розныя схільнасці і інтарэсы. Рада, калі дзеці слухаюць тэму і цікавяцца, распытваюць або дапаўняюць тым, што прачыталі ў іншых крыніцах. Для многіх гісторыя — хобі. Як, напрыклад, для Кацярыны Парангоўскай, Таццяны Борыс і Анастасіі Клянцэвіч, якія сёлета ўдзельнічалі ў абласной алімпія­дзе і вярнуліся пераможцамі.

На ўроках Т. П. Галаўко пануе добразычлівая творчая атмасфера, настаўніца развівае ў вучняў мысленне, вучыць аналізаваць, рабіць высновы, мець свой пункт погляду. Вера педагога ў сваіх выхаванцаў робіць іх упэўненымі ў сабе і дапамагае дасягаць поспехаў.

Анна АНІШКЕВІЧ. Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.