У спадчыну — галоўную каштоўнасць

Духовность

Агульнацаркоўнае святкаванне Дня праваслаўнай кнігі прымеркавана да памятнай падзеі — выпуску Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам першай на Русі друкаванай кнігі “Апостал”. Гэта адбылося 14 сакавіка 1564 года. Сёлета ўрачыстыя мерапрыемствы, у тым ліку і на пастаўскай зямлі, супалі з важнай гістарычнай датай — тысячагоддзем з дня смерці раўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра.

Сапраўдным урокам духоўнасці для выхаванцаў нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца стала                 мерапрыемства “Святло душы”. Праходзіла яно ў дзіцячай бібліятэцы імя У. Дубоўкі, куды дзяцей, іх бацькоў і выкладчыкаў Ірыну Станіславаўну Казак, Алену Іванаўну Куляшову і Наталлю Фёдараўну Пракаповіч запрасілі бібліятэкары. Спачатку малодшыя выхаванцы, а потым і старэйшыя разам з дарослымі разважалі пра гісторыю свята, ролю праваслаўнай кнігі ў жыцці чалавека. Біблія, Евангелле, Псалтыр, Жыціі Святых, Малітваслоў павінны быць у кожнай сям’і.

Шмат гаварылі пра ролю слова: яно можа і лячыць, і раніць. Яркія ўражанні ва ўсіх засталіся ад лялечнага спектакля пра тое, як уважліва трэба адносіцца да таго, што мы прамаўляем. Цяпер у праваслаўных і католікаў пост, і людзі шмат думаюць пра абмежаванні ў ежы. А трэба ж клапа­ціцца і пра тое, што гаворым. Плёткі, пустаслоўе, абгаворы — таксама грэх. Пра гэта, у прыватнасці, са сваімі выхаванцамі гаварыла выкладчык Н. Ф. Пракаповіч. Наталля Фёдараўна звярнула ўвагу і на тое, што першыя друкаваныя кнігі для простага люду выдаў наш слынны зямляк са старажытнага Полацка Францыск Скарына, і мы па праву можам ганарыцца гэтым.

Свята навучыла больш сур’ёзна ставіцца да праваслаўнай кнігі: яна не проста рэч, а святасць, і месца ў доме для яе павінна быць асаблівае. Чалавек мае патрэбу ў духоўнай кнізе. Важна, каб дзеці навучыліся распазнаваць  яе падчас складанай жыццёвай сітуацыі і карыстацца ёй. Бо ад таго, якія кнігі яны чытаюць, будуць залежаць іх ідэалы. Каштоўна і тое, што многія рабяты ў гэты дзень запісаліся ў дзіцячую бібліятэку. Яе загадчыца Марына Мікалаеўна Іванова паказала куток духоўнай літаратуры, даходліва расказала пра кнігі, і гэта дзяцей зацікавіла.

А ў нядзельнай школе пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца прайшло мерапрыемства “Князь Уладзімір — Сонца зямлі Рускай”. Напярэдадні быў аб’яўлены конкурс творчых работ. Выкладчыкі растлумачылі дзецям, на што патрэбна звярнуць увагу, расказалі пра тое, што князь Уладзімір хрысціў Русь. І выхаванцы не без дапамогі сваіх родных праявілі фантазію, творчасць. Работы аформілі ў выставу, дзе былі прадстаўлены малюнкі, аплікацыі, вырабы з прыроднага і дэкаратыўнага матэрыялаў.

Хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі вершы, спявалі, паказвалі сцэнку “Як князь Уладзімір веру выбіраў”. Яны нібыта зазірнулі ў яго “Жыціе”, зразумелі, што дзякуючы князю Русь была асветлена святлом хрысціянскай веры, і гэта стала вызначальным у нашай далейшай гісторыі. На мерапрыемстве прысутнічаў настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца протаіерэй Валерый Пашкевіч. Звяртаючыся да дзяцей, ён гаварыў пра тое, што ўсе мы павінны быць удзячныя раўнаапостальным Святому князю Уладзіміру і Святой княгіні Вользе, якія шмат зрабілі для таго, каб перадаць нам у спадчыну галоўную каштоўнасць — святую праваслаўную веру.

Галіна ПІШЧ. Фота Віктара КАЗАКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.