Вадаспад «Ніягара» з… валасоў



Уладальніцы прамых валасоў часта мараць пра прыгожыя локаны, якія надаюць вобразу жаноцкасць і рамантызм. Адзін з варыянтаў дамагчыся жаданага эфекту на доўгі час — завіўка. Акрамя класічнай хімічнай, у цырульні райбыткамбіната цяпер прапаноўваюць кліентам і біязавіўку.

Біязавіўка «Ніягара» — гэта завіўка новага пакалення без аміяку, перакісу вадароду і ціагліколевай кіслаты. Яны замяняюцца рэчывамі, якія не псуюць структуру валасоў. Акрамя таго, яе можна падабраць у адпаведнасці з тыпам валасоў. Сродак адносіцца да самых сучасных: у працэсе ўздзеяння сілкуе валасы амінакіслотамі і пратэінамі, тым самым спрыяючы іх аднаўленню. А комплекс кераціну і нейтральнае значэнне РН, якія ўваходзяць у састаў сродку, бяспечныя для адчувальнай скуры галавы. Калі класічную хімічную завіўку, як пра­віла, робяць толькі на здаровыя валасы, то сродак «Ніягара» мякка ўздзейнічае нават на аслабленыя. Біязавіўку можна рабіць на асветленых, афарбаваных або меліраваных валасах. Трымаецца біязавіўка каля чатырох месяцаў.

Сёлета Пастаўскі райбыткамбінат заключыў дамову з ра­сійскай кампаніяй «Эстэль» аб пастаўцы ў гарадскую цырульню прафесійнай касметыкі. А каб эфект ад яе выкарыстання быў максімальным, тэхнолаг віцебскага прадстаўніцтва кампаніі праводзіць бясплатныя семінары, на якіх дзеліцца сакрэтамі выкарыстання прадукцыі. Чарговы, другі па ліку, адбыўся 10 сакавіка. Першы праходзіў у студзені. На ім пастаўскія цырульнікі азнаёміліся з прафе­сійнымі палітрамі фарбаў «Эстэль», сродкамі для догляду і ўкладкі, а таксама з тэхналогіямі экраніравання і ламініравання валасоў. На гэты раз, акрамя біязавіўкі, цырульнікі займаліся афарбоўкай валасоў. Тэма наступнага семінара — таніраванне бландзіраваных валасоў.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.