Вольга Грыбава: “Не мару, а планую”

Общество

“Хопіць з мяне тыдняў моды! Калі што — я ў Паставах”. Такі запіс не так даўно з’явіўся на старонцы маладой мастачкі Вольгі Грыбавай у папулярнай сацыяльнай сетцы. Варта крыху пагартаць астатнія, і становіцца зразумелым, якім насычаным жыццём яна жыве. Вось ілюстрацыі да вядомых глянцавых часопісаў і аўтарскія артыкулы пра моду, вось фатаграфіі з трэнінгаў, што праводзіць у самых розных гарадах Беларусі, а вось здымкі з семінараў у бельгійскім Бруселі. І гэта, як аказалася, толькі вяршыня айсберга ўсіх спраў і захапленняў нашай талена­вітай зямлячкі.

—            Вольга, якімі былі твае школьныя гады?

—      Я вучылася ў СШ №1. Гэта быў час не толькі вучобы, але і творчасці ва ўсіх яе праявах. Старалася паспець усюды: прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, хадзіла ў мастацкую і музычную школы, наведвала ўсемагчымыя гурткі. Рада, што сёлета атрымалася прыйсці на вечар сустрэчы з выпускнікамі, зноў убачыць сяброў, настаўнікаў, якім ёсць за што сказаць шчырыя словы ўдзячнасці. Для гэтага была добрая нагода: прайшло 10 гадоў з моманту майго заканчэння школы.

—            Кім марыла стаць у дзя­цінстве?

—            Ніколі не сумнявалася, што ў мяне будзе творчая прафесія. У дзявятым класе вырашыла паступаць на дызайнера. Рыхтавалася да паступлення ў Мінск і экзамены здала добра, але ў апошні момант прыйшлося саступіць месца льготніку. Сказаць, што для мяне гэта было расчараваннем, — нічога не сказаць. У выніку паступіла на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Иллюстрация к статье. Журнал "ЭШ".
Иллюстрация к статье. Журнал "ЭШ".

—            У вучобе не расчаравалася?

—            У першым семестры — так. Прызнаюся, нават была думка забраць дакументы. Але некалькі знаёмстваў цалкам змянілі мае адносіны да вучобы. Лёсавызначальнай стала сустрэча з выкладчыкам ад Бога, мастаком Святланай Аляксандраўнай Валканавай, якую ў сваёй творчасці  лічу хроснай маці. Дзякуючы ёй я атрымала бясцэнны педагагічны вопыт. Яшчэ будучы студэнткай, праходзіла практыку ў Санкт-Пецярбургу, потым працавала ў мастацкім вучылішчы, гімназіі, удзельнічала ў конкурсах, рабіла выставы, праекты і, што вельмі важна, пачала актыўна займацца навукай — пісаць артыкулы, выступаць на ўсемагчымых канферэнцыях. Да таго ж мне пастаянна даводзілася быць у асяроддзі старшакурснікаў, магістрантаў — і гэта таксама дапамагала расці ў прафесійным плане.

Наогул, у жыцці мне вельмі пашчасціла з настаўнікамі. Часта добрым словам успамінаю сваіх пастаўскіх педагогаў Ганну Браніславаўну Дралінскую, Жанну Уладзіміраўну Курдо, Валян­ціну Вітальеўну Драгунову, Іосіфа Канстанцінавіча Атрахімовіча.

Табе падабалася педагагічная праца?

— Вельмі! Калі б мне сказалі пра гэта раней, нізашто не паверыла б. Мая маці ўсё жыццё працуе настаўніцай, цяпер выкладае матэматыку ў Пастаўскай гімназіі. Заўсёды бачыла, як многа сіл і эмоцый патрабуе гэта работа. Некалі нават паабяцала сабе, што ніколі не стану педагогам. Але вучоба цалкам памяняла мае погляды наконт гэтага. Хаця на мастацка-графічным факультэце яна вельмі спецыфічная: з раніцы да вечара займаешся ва ўніверсітэце, а прыходзіш дадому — усю ноч малюеш ці рыхтуешся да заняткаў. Трэба вельмі любіць сваю справу, каб вытрымаць такі напружаны рытм. Гэта мне і дапамагала. Я была шчыра ўлюбёная і ў дыпломную работу, і ў дысертацыю, якія ў выніку абараніла на дзясяткі. Гэта былі рэальна існуючыя праекты, дзе не знойдзеш ніводнага спісанага слова.

—            Дзе вучылася ў магістратуры?

—            У Мінску. А ў Віцебску паралельна атрымлівала другую вышэйшую адукацыю — вывучала эканоміку кіравання. Часам эказамены супадалі і прыходзілася “разрывацца” паміж гарадамі. А яшчэ і падпрацоўкі. Як жа прыйшлося пакруціцца! Але ўсё атрымалася.

—            Адкуль чэрпаеш энергію і натхненне?

—            Люблю ставіць перад сабой складаныя задачы. І чым яны цяжэйшыя — тым цікавей іх вырашаць. Так, гэта маральна і фізічна вымотвае, але паспяховы вынік акрыляе на новыя дзеянні. Самае галоўнае — паставіць перад сабой мэту. Памятаю, як на першым курсе пайшла займацца ў тэатр-студыю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Там дзеткі танцуюць з 4 гадоў, а я прыйшла ў 17. У мяне нават не атрымлівалася сесці на шпагат. “Гэта таму, што я старая?” — жартам спытала ў кіраўніка. Яна адказала: “Ніколі не шукай апраўданняў сваім няўдачам”. Гэтыя словы дагэтуль лічу адным са сваіх жыццёвых дэвізаў. Дарэчы, праз чатыры гады шпагат мне ўсё ж такі скарыўся.

Прызнаюся, у мяне заўсёды было шмат амбіцый. Захацела навучыцца ездзіць на матацыкле — навучылася. Вырашыла ўдзельнічаць у конкурсе прыгажосці, які праходзіў у рамках “Славянскага базару”, — заняла другое месца. А аднойчы вырашыла, што буду вядучай на адной з віцебскіх радыёстанцый. І накіравалася туды. Рэдактар быў настолькі здзіўлены ма­ёй смеласцю і настойлівасцю, што згадзіўся са мной працаваць. І мой дэбют на радыё хоць не адразу, але адбыўся. І так у любой справе: калі штосьці не ўмею рабіць, то з задавальненнем вучуся.

—            Любоў да творчасці перадалася табе па спадчыне?

—            З нядаўняга часу мяне вельмі цікавіць радаслоўная. Як аказалася, мой прадзядуля быў з арыстакратычнай сям’і, па яго лініі многія займаліся навукай і творчасцю. Але адных каранёў мала. Усім сваім поспехам абавязана маці, якая была і ёсць лепшай сяброўкай, памочніцай, дарадцай. Тата пайшоў з сям’і, калі мне было два гады. Мама адна паставіла нас з братам на ногі, зрабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб мы атрымалі адукацыю, не шкадуючы на гэта апошніх сродкаў. Яна надзвычай шчырая, мудрая, працавітая, і я не перастаю ёй ганарыцца і захапляцца.

Вольга разам з маці

У мяне найлепшая ў свеце цёця! У дзяцінстве яна замяняла бацьку, у любой сітуацыі дапаможа і цяпер. Вельмі шчырыя, сяброўскія адносіны ў мяне і з братам Сяргеем. Мы ва ўсім падтрымліваем адно аднаго — і гэта бясцэнна.

—            Ты шмат гадоў жывеш у горадзе. А ці любіш вёску?

—            Яшчэ як! У дзяцінстве шмат часу праводзіла ў бабулі з дзядулем у Калееўцах, з задавальненнем бываю там і цяпер. Наогул, у мяне надзвычай цёплыя адносіны з роднымі, яны дораць натхненне і ўнутраную гармонію. Таму на Пастаўшчыну прыязджаю пры любой магчымасці.

—            Бачу па здымках, што ты  бываеш за мяжой.

—            Гэта звязана з маім навучаннем. Я пастаянна падаю заяўкі на ўсемагчымыя еўрапейскія гранты, звязаныя з педагогікай і скіраваныя на папулярызацыю нестандартных формаў навучання, раскрыццё творчага патэнцыялу моладзі. Яны ніякім чынам не звязаны з палітыкай і абсалютна бясплатныя. Прайшоўшы папярэдні адбор, туды можа трапіць кожны. Але варта пастарацца: знайсці ў інтэрнэце інфармацыю, напісаць матывацыйныя пісьмы, калі патрэбна, сабраць водгукі… Калі з 25 тваіх заявак прымуць 5 — гэта найвыдатнейшы вынік! Галоўнае, не звяртаць увагі на промахі і не апускаць рукі. Не атрымалася? Рабі далей! Адным ударам цвік рэдка калі ўбіваецца. Будзеш настойлівым — вынік не прымусіць чакаць.

—            У якіх краінах ты прахо­дзіла навучанне?

—            Летась мне пашчасціла з’ездзіць на семінары ў Фінляндыю, некалькі месяцаў таму — у Брусель. Ужо прыехаўшы ў Бельгію, даведалася, што на 20 месцаў прэтэндавала 690 чалавек з самых розных еўрапейскіх краін. Вельмі ганарова было аказацца ў ліку слухачоў.

—            У чым заключаецца твая педагагічная дзейнасць?

—            Ужо некалькі гадоў выкладаю ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь: чытаю лекцыі пра імідж, дзелавы стыль, этыкет. Таксама праводжу семінары для людзей, якія звязаны з індустрыяй моды і прыгажосці, арганізую трэнінгі і майстар-класы. Працаваць даводзіцца з рознай аўдыторыяй: як з дзецьмі, так і з людзьмі, істотна старэйшымі за мяне. Падчас заняткаў выкарыстоўваю шматлікія методыкі: і замежныя, якія збірала па крупінках падчас міжнародных семінараў, і ўласныя. Але ўсе яны будуць нядзейснымі, калі ў чалавека няма жадання вучыцца.

—            Якім чынам трапіла ў модную “тусоўку”?

 

—            Калі вучылася ў Мінску ў магістратуры, паспела прайсці навучанне ў школе іміджу, заканчвала курсы ў вядомых айчынных і замежных спецыялістаў. Усе мае сертыфікаты і не злічыць. Але галоўнае не яны, а веды, якія стараюся пастаянна ўдасканальваць. Мяне цікавяць многія тэмы, але асаблівае месца ў маім прафесійным жыцці займае каларыстыка.

 

—            Дзе яна выкарыстоўваецца?

—            Каларыстыка — надзвычай цікавая навука пра колер, якая прымяняецца ў розных сферах. Напрыклад, яна вельмі цесна звязана з псіхалогіяй. Па колеры, якому аддае перавагу чалавек, можна расказаць пра яго псіхічны стан, асаблівасці характару. Веданне законаў каларыстыкі вельмі дапамагае ў фарміраванні гарманічнага вобразу і іміджу ў цэлым. А ёсць методыкі, скіраваныя на лячэнне колерам. З яго дапамогай таксама можна нават маніпуліраваць чалавекам — і гэтым часта карыстаюцца маркетолагі, прадаўцы. Тут і за тыдзень усё не раскажаш!

За гады вучобы і працы ў мяне назбіралася вялікая колькасць матэрыялу па каларыстыцы, хутка ён будзе выдадзены асобнай кнігай. Цяпер актыўна займаюся яе афармленнем. 

—            Падзяліся сакрэтам: як усё паспяваеш?

—            Калі ў цябе ёсць канкрэтная мэта — усё магчыма. Важна цаніць час і не распыляцца на дробязі, усё загадзя планаваць. Напрыклад, я ўжо цяпер ведаю, што наступным крокам у маім прафесійным развіцці будуць міжнародныя семінары, дзе збіраюся быць ужо не слухачом, а выкладчыкам. Галоўнае — не баяцца новай справы і ва ўсім разлічваць толькі на свае сілы. 

—            Пра што марыш?

—            Я не мару, а планую. А планаў многа. Хіба гэта дрэнна? Дрэнна, на мой погляд, нічога не хацець і ні да чога не імкнуцца.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота з архіва Вольгі ГРЫБАВАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.