Выратавалі з агню


У пятніцу, 13 сакавіка, а палове трэцяй гадзіны дня ў цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне аб пажары жылога дома ў вёсцы Кашыцы Юнькаўскага сельсавета. На месца выкліку былі накіраваны падраздзяленні пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Паставы, брыгада хуткай медыцынскай дапамогі, машыны РАУС і “Паставырайгазу”.

Пасля прыбыцця на месца здарэння першых падраздзяленняў МНС у доме назіралася моцнае задымленне. Пры правядзенні разведкі пажару людзей у ім выяўлена не было. 50-гадовага гаспадара дома, які нідзе не працуе і пражывае адзін, паспелі выратаваць з дома аднавяскоўцы Сяргей Эдуардавіч Галубоўскі і Ігар Тадэвушавіч Турон. Яны расказалі, што, убачыўшы дым, падумалі аб узгаранні сухой травы. Потым жа зразумелі, што гарыць дом, і, не раздумваючы, кінуліся на дапамогу. Асвятляючы шлях у задымленым будынку з дапамогай мабільнага тэлефона, убачылі чалавека на падлозе, вынеслі яго на вуліцу і выклікалі РАНС і хуткую дапамогу.

Выратаваны грамадзянін зараз знаходзіцца ў бальніцы. Мы ж — кіраўніцтва і ўвесь калектыў РАНС — выказваем удзячнасць Сяргею Эдуардавічу і Ігару Тадэвушавічу за праяўлены гераізм на пажары.

Хаця гэтыя саракагадовыя мужчыны героямі сябе не лічаць і кажуць, што кожны паступіў бы на іх месцы гэтак жа сама. Магчыма, і так, але факт застаецца фактам — калі б яны не паспяшаліся на дапамогу, іх аднавясковец, несумненна, загінуў бы ў агні.

Прычыны ўзнікнення пажару ўстанаўліваюцца.

А. КІСЕЛЬ, начальнік РАНС.