Выхавальнік — гэта другая мама


Ларыса Уладзіміраўна Жук

Вось ужо амаль трыццаць гадоў Ларыса Уладзіміраўна Жук — выхавальнік інтэрната каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці — у чатыры гадзіны дня адчыняе дзверы свайго працоўнага кабінета на другім паверсе, каб зноў і зноў быць патрэбнай навучэнцам, якія тут пражываюць. Усе гэтыя гады розныя пакаленні юнакоў і дзяўчат чакаюць яе з нецярпеннем, каб не толькі пачуць парады і выслухаць заўвагі, але і падзяліцца самым патаемным. А такія просьбы, як ацаніць новы колер валасоў пасля афарбоўкі ад дзяўчат або майстэрства ігры на гітары ад хлопцаў, —  для Л. У. Жук даўно сталі звыклымі.

Сёлета ў жыццёвай мудрасці, ласкавым слове, ды і проста чалавечым удзеле Ларысы Уладзіміраўны маюць патрэбу 73 хлопцы і дзяўчыны ва ўзросце ад 15 да 20 гадоў. І калі тыя, хто вучыцца на другой ступені навучання, выразна ўсведамляюць, навошта яны тут, лёгка ідуць на кантакт, то з першакурснікамі, якія толькі-толькі вырваліся з-пад бацькоўскай апекі і гатовыя з галавой акунуцца не ў вучобу, а ў даследаванне ўсіх перспектыў самастойнага жыцця, часам бывае нялёгка знайсці агульную мову. Нялёгка, але трэба. Таму выхавальнік стараецца шукаць індывідуальны падыход да кожнага, часам звяртаючыся нават па дапамогу старшакурс­нікаў. Бо не сакрэт, што ў вачах многіх падлеткаў больш значным аўтарытэтам валодаюць не дарослыя, а аднагодкі.

— Выхавальнік — гэта перш за ўсё мама, якая заўсёды падкажа і перасцеражэ, навучыць і падтрымае, дапаможа і паўшчувае. Галоўнае — быць камунікабельнай, праяўляць увагу і клопат, умець уступаць, — разважае пра асаблівасці сваёй работы Л. У. Жук. — Мне ў маёй рабоце падабаецца ўсё, пачынаючы ад зручнага графіка і заканчваючы тым, што заўсёды знаходзішся ў гушчыні падзей, адчуваеш густ і рух жыцця. Да таго ж заўсёды шанцавала на намеснікаў дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Спачатку дапамагала асвоіцца на новым месцы В. М. Бучаль, затым падтрымлівала і падказвала М. У. Мажэйка, якая прыйшла на яе месца, цяпер — А. К. Дубовік.

Тое, што вірлівая грамадская работа — менавіта тое, чаго патрабуе душа, Л. У. Жук зразумела, як толькі адразу пасля заканчэння школы прыехала па камсамольскай пуцёўцы працаваць піянерважатай у Гуцкую школу. Затым былі вучоба ў цяперашнім педагагічным універсітэце імя М. Танка, работа вызваленым сакратаром камсамольскай арганізацыі Пастаўскага ПТВ. Менавіта піянерская і камсамольская работа, лічыць Ларыса Уладзіміраўна, дапамагла набыць такія неабходныя якасці арганізатара, як хватка, энергічнасць, энтузіязм.

У сваёй рабоце з моладдзю Ларыса Уладзіміраўна робіць акцэнт на самакіраванне. На думку педагога, гэта спрыяе развіццю даверу і ініцыятывы, вучыць адказнасці. Да прыкладу, за парадкам у пакоях сочаць старасты блокаў, а ацэньвае санітарны стан спецыяльная камісія, якая складаецца выключна з навучэнцаў. Тое ж датычыць і правядзення розных мерапрыемстваў. Каб зрабіць іх сапраўды патрэбнымі і цікавымі, заўсёды ўлічваюцца прапановы тых, для каго яны прызначаны. Пра тое, што такі падыход працуе, можна меркаваць у тым ліку і па ідэальным парадку на паверсе. Дарэчы, ён ужо шмат гадоў лічыцца найлепшым у інтэрнаце. Раней калегі нават жартавалі, што гэта толькі таму, што на паверсе пражываюць адны дзяўчаты. Аднак, калі колькасць груп у каледжы скарацілася і на адзін паверх сталі засяляць і хлопцаў, і дзяўчат, сітуацыя ніяк не змянілася.

Л. У. Жук, акрамя выхаваўчай, надае вялікую ўвагу і ідэалагічнай рабоце. Ужо  16 гадоў яна кіруе грамадзянска-патрыятычным клубам «Наша спадчына». Тут юнакі і дзяўчаты знаёмяцца з гісторыяй горада і раёна, збіраюць інфармацыю аб населеных пунктах, вучацца паважліва ставіцца да гістарычнай спадчыны. Нядаўна назапашаным вопытам у гэтай га­ліне Ларыса Жук дзялілася з калегамі з усёй рэспублікі, а некаторымі сабранымі клубам матэрыяламі ў свой час цікавіўся раённы краязнаўчы музей.

Ларыса Уладзіміраўна ўжо чатыры гады як на пенсіі, але гэта не перашкаджае ёй працаваць гэтак жа захоплена, як і раней. Больш за тое, кіраўніцтва навучальнай установы сцвярджае, што робіць усё для таго, каб яна як мага даўжэй накі­роўвала энергію маладога пакалення ў патрэбнае рэчышча.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.