Яна несла святло ў жыццё


Марыя Аляксандраўна Полех нарадзілася 1 красавіка 1922 года ў вёсцы Рамелькі нашага раёна. Вучылася ў пастаўскай школе, уступіла ў камсамол. Марыя і яе брат Аляксей сталі апорай маці пасля таго, як рана засталіся без бацькі. Дзяўчына працавала тэлефа­ністкай у раённым вузле сувязі. Разам з ёй тут жа працавала і яе сяброўка з вёскі Ліпнікі Надзея Асяненка. Марыя была актывісткай, завадатарам цікавых спраў вясковай моладзі, прымала актыўны ўдзел у народнай будоўлі школы,  мастацкай самадзейнасці, пісала вершы, прыпеўкі.

22 чэрвеня 1941 года, у нядзелю, на гарадскім стадыёне, дзе зараз знаходзіцца будынак СШ №2, праводзіліся раённыя спаборніцтвы. У іх удзельнічала і рамелькаўская моладзь. Тут усе і пачулі страшнае слова “вайна”.

Марыя Аляксандраўна ўспамінала, як хутка сабраліся ў райкаме камсамола, дзе і атрымалі загад эвакуіравацца ў напрамку Полацка. Транспарту не хапала, Марыя паехала на сваім старэнькім веласіпе­дзе. Па дарозе яе падабрала грузавая машына. Шлях быў небяспечным, бо дарога абстрэльвалася нямецкімі самалётамі.

Дабраліся да Віцебска, адкуль Марыю разам з іншымі эвакуіраванымі накіравалі ва Уфу. Нейкі час дзяўчына працавала там на авіяцыйным заводзе. А калі аб’явілі першую мабілізацыю дзяўчат на фронт, Марыя пайшла добраахвотна. Вясной 1942 года ў раёне Сталінграда прайшла курс маладога байца і была залічана ў 415-ую зенітную часць супрацьпаветранай абароны сувязісткай.

Марыя Аляксандраўна прайшла франтавымі дарогамі Сталінград, Запарожжа, Сіваш, Крым, Сімферопаль, Севастопаль, Львоў, Кракаў… Шмат разоў глядзела ў твар смерці, калі з катушкай тэлефоннага кабелю на спіне пад свіст куль і ўзрывы снарадаў наладжвала сувязь.

На ўсё жыццё ў яе памяці застаўся адзін эпізод. Недалёка ад Кракава на ўзбочыне дарогі, па якой яны ішлі, ляжала забітая жанчына. Каля яе поўзала маленькая дзяўчынка, плакала, клікала маці. Марыя падбегла да яе, узяла на рукі. Дзяўчынка абхапіла ручкамі шыю салдаткі і па-свойму спытала: “Ты — Марго?” Сябры з таго часу жартоўна так і называлі дзяўчыну.

Марыя ў свае Рамелькі пісала маці: “Дарагая мамачка! Пішу табе гэта пісьмо ў дні жорсткіх баёў, якія набліжаюць час нашай Перамогі. Не магу не падзяліцца з табой радасцю свайго сэрца. Уяві, якія зараз цудоўныя поспехі на франтах! Упэўнена, ты пра гэта чула. Шлях да Берліна зусім недалёкі”. У наступных пісьмах Марыя абна­дзейвала маці, што абавязкова дойдзе да Берліна і з перамогай вернецца дадому.

Дзень Перамогі яфрэйтар-тэлефаністка сустрэла ў тагачасным нямецкім гора­дзе Брэслау (цяпер польскі Вроцлаў). Былі і бязмежная радасць, і слёзы па тых, хто не дажыў да светлых дзён.

Баявы шлях Марыі Аляксандраўны Полех адзначаны многімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Сярод іх — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За абарону Сталінграда”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў” і многія іншыя. У яе чырвонаармейскай кніжцы ёсць такі запіс: “Падзяка Вярхоўнага галоўнакамандуючага Савецкага Саюза таварыша Сталіна за выдатныя баявыя дзеянні пры ўзяцці г. Брэслау”.

Марыя Аляксандраўна Полех была шчырым сябрам нашага школьнага музея. На колькіх мерапрыемствах, сустрэчах з вучнямі прысутнічала ў нас былая франтавічка! Жыццярадасная, адкрытая, абаяльная, яна несла святло ў жыццё тых, хто яе акружаў, годна выхоўвала падрастаючае пакаленне на баявых традыцыях нашага народа. У нас у музеі захоўваецца наглядны матэрыял пра баявы шлях гэтай цудоўнай жанчыны.

Р. ЛАСТОЎСКАЯ, кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2.